Сяржук Вітушка: Як у таямніцу, як у казку я ў Беларушчыну ўваходзіў!
2 ліпеня спаўняецца 10 год з дня смерці Сяржука Вітушкі – кіраўніка легендарнай моладзевай арганізацыі „Талака”, супрацоўніка філіі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Менску „Беларуская хатка”, аднаго з заснавальнікаў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні.

У 2008-2009 годзе Сяржук Вітушка ўспамінаў пра свой шлях да Беларушчыны: „Я пачаў шукаць сяброў. І знайшоў! Я заўважыў на заводзе “Інтэграл” на адным з калідораў стэнд Таварыства аховы помнікаў. На ім былі прыколатыя розныя артыкулы, і кожны раз іншыя: з “ЛіМа” – краязнаўчыя, гістарычныя, пра мову беларускую, пра літаратуру беларускую. І я зацікавіўся – а хто ж гэта чапляе іх на стэнд? Я там адзін затрымліваўся каля гэтага стэнду. Усе астатнія рабочыя ішлі ў курылку, гулялі ў даміно, расказвалі анекдоты, блазнавалі, а я каля гэтага стэнда ўвесь час тырчэў. І потым пазнаёміўся з чалавекам, які на яго артыкулы чапляў. Гэта быў сталага веку мужчына, інжынер Сабалеўскі. Ён ведаў усіх людзей, якія рабілі музей старабеларускай культуры, быў знаёмы з імі, быў актывістам Таварыства аховы помнікаў і рабіў такую работу. Ён мне сказаў, што хутка будзе суботнік у Музеі драўлянага дойлідства. І я паехаў на той суботнік. З вялікага заводу набраўся цэлы аўтобус такіх дзівакоў… А там я ад супрацоўнікаў музею пачуў, што летам да іх прыязджае будатрад “Нашчадкі” з гістарычнага факультэту педагагічнага інстытуту. А я ж гісторыяй цікавіўся, адразу пасьля школы зьбіраўся паступаць на гістфак і наведваў падрыхтоўчыя курсы, але ў мяне не прынялі дакументы з-за хваробы. Я пасьля даведаўся, што ня мелі права, але было позна. Я скончыў прафесійна-тэхнічнае вучылішча па сьпецыяльнасьці наладчык тэхналагічнага абсталяваньня. Працаваў на заводзе. А там на мой дыягназ ніхто не глядзеў. Але папрацаваўшы на заводзе, я зразумеў – гэта ўсё не маё. Другія хлопцы, як зьявіцца вольная хвіліна, яны ўнурацца ў часопісы па тэхніцы, паялі, радыёдэталькі зьбіралі. А мне гэта было нецікава, мяне гэта “не чапляла”, мяне “чапляла” гісторыя. І я пачуў пра атрад “Нашчадкі” – во працуюць у музеі, робяць такую сьвятую справу! Я ўжо тады ўспрымаў гэтую справу як сьвятую. Можа і ня так пафасна, але гэта было нешта лепшае, нешта ўрачыстае, сьвяточнае, і ня тое, што робіцца пад прымусам. Гэта было страшна цікава. І розныя батальныя сцэны паўставалі, жаўнеры, паўстаньні… Беларуская гісторыя. Рыцары… Тут, канешне, моцна паўплываў Караткевіч са сваімі рамантычна-прыгодніцкімі творамі. І ўсё гэта ўспрымалася радасна. Як у нейкую таямніцу, як у нейкую казку я ў Беларушчыну ўваходзіў! Гэта былі шчасьлівыя перажываньні. І да гэтага была натуральная цяга, натуральная ахвота. Летам я ўзяў адгулы, надумаў паехаць да “Нашчадкаў”. Думаў, можа, яны ў выходныя ня робяць, трэба ехаць у працоўныя дні. Я паехаў у Строчыцы, знайшоў хлопцаў, што там працавалі. Там быў Віктар Грыб, і ён мне расказаў пра Генадзя Сагановіча. Генадзь Сагановіч на той момант скончыў інстытут, але прыязджаў да гэтых хлопцаў. Грыб казаў: “Сагановіч! Сагановіч – гэта наш правадыр!” Сагановіч мусіў быць у іх у нейкі іншы дзень. Тады я зноў узяў адгулы і прыехаў да іх. І пазнаёміўся з Сагановічам, і патрапіў пад кіраўніцтва Сагановіча. Ён на мяне паглядзеў, паслухаў, прынёс мне кніжачак – творы Ермаловіча на папяроснай паперы. Чаму на такой паперы друкавалі? Бо больш копіяў можна было зрабіць на звычайнай друкавальнай машынцы. Так перадрукоўваліся і вершы Янкі Купалы, якія нельга было знайсьці ў звычайным зборы твораў. Верш “Прарок”: “А колькі нам дасі чырвонцаў, калі мы пойдзем за табой?” Вершы Зьніча. Усё гэта хадзіла на такой папяроснай паперы. Я прыязджаў да іх у інтэрнат на вуліцы Акадэмічнай, дзе жылі Генадзь Сагановіч, Алесь Бяляцкі, Алесь Жлутка, Мікола Крывальцэвіч. Пазнаёміўся я з гэтымі хлопцамі. Заходзіў у пакой да Генадзя Сагановіча, а там паўсюль былі – карты Беларусі, партрэт Багдановіча, герб Пагоня…”

Створаная ў 1985 годзе ў Менску моладзевая нацыянальна-арыентаваная „Талака” была самай масавай суполкай, а яе лідарам быў Сяржук Вітушка.
Беларускае Радыё Рацыя