Агляд прэсы: канец адной утопіі



Пуцін: Інтэграцыя Беларусі з Расеяй паскараецца, дзякуючы Захаду. Балгарыя высылае расейскіх дыпламатаў. Чэхія заступае на пасаду краіны-старшыні Савета ЕЗ. Вярхоўны суд ЗША паставіў крыж на кліматычнай палітыцы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Прэзідэнт Уладзімір Пуцін у пятніцу заявіў, што палітычны ціск з боку Захаду паскарае інтэграцыю Беларусі з суседняй Расеяй, якая працягваецца і не спыняецца больш за два дзесяцігоддзі. У 1997 годзе дзве славянскія суседкі падпісалі Саюзны дагавор, які меў на мэце аднавіць некаторыя цесныя сувязі, разарваныя распадам Савецкага Саюза», – піша амерыканская газета National Post.

«На працягу гэтага перыяду энтузіязм аўтакратычнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі наконт больш цеснай палітычнай інтэграцыі то ўзрастаў, то слабеў, як і эканамічная залежнасць Беларусі ад значна большага і багацейшага стрыечнага брата. Лукашэнка стаў больш прывязаным да Масквы напрыканцы 2020 года, калі Пуцін аказаў палітычную і фінансавую падтрымку, калі ён здушыў хвалю антыўрадавых пратэстаў, выкліканых прэзідэнцкімі выбарамі, якія, на думку апазіцыі, былі сфальсіфікаванымі. У лютым Лукашэнка дазволіў Маскве выкарыстоўваць Беларусь у якасці стартавай пляцоўкі для некаторых расейскай бронетэхнікі, якая ўварвалася ў паўднёвую суседку Беларусі, Украіну. А цяпер міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што дзве краіны павінны прыняць неадкладныя сумесныя меры для павышэння абараназдольнасці і боегатоўнасці войскаў. Згодна з Саюзнай дамовай, кожная дзяржава застаецца суверэннай, але прадастаўляе грамадзянам іншай дзяржавы правы на жыхарства і грамадзянства. І хаця саюз спрыяў эканамічнай інтэграцыі і забяспечваў узаемную абарону ў выпадку нападу, спробы стварыць агульную валюту Беларусі і Расеі праваліліся амаль два дзесяцігоддзі таму», – піша амерыканскае выданне.

Балгарскі ўрад высылае 70 расейскіх дыпламатаў: да нядзелі яны абавязаны пакінуць краіну. Кірыл Пяткоў, які выконвае абавязкі прэм’ер-міністра пасля таго, як ураду быў вынесены вотум недаверу, заявіў, што дыпламаты, якія высылаюцца, працавалі супраць інтарэсаў Балгарыі. Расейскі пасол Элеанора Мітрафанава прыгразіла закрыццём расейскага пасольства ў Сафіі. Балгарскае выданне Fakti.bg не супраць такога рашэння расейскага боку.

«Абʼёмы нашага экспарту ў Расею нязначныя. За выключэннем ААН, ЮНЕСКА і пары іншых важных органаў, нашы краіны не зʼяўляюцца чальцамі адных і тых жа арганізацый. Ніхто з балгараў не пераязджае жыць у Расею, ды і з Расеі ў Балгарыю перабіраецца ўсё менш людзей. Адзінай важнай эканамічнай ніткай паміж нашымі краінамі былі пастаўкі нафты і газу, але газ яны нам перакрылі! Калі расейцы зачыняць сваё пасольства, то з іх боку гэта быў бы разумны ход, заадно атрымалася б зэканоміць пару леваў. А калі ім захочацца яшчэ каго-небудзь у нас атруціць ці падарваць зброевае прадпрыемства, то яны гэта здолеюць зрабіць і без амбасады!», – адзначае балгарскае выданне.

1 ліпеня старшынства ў Савеце Еўрапейскага звязу перайшло ад Францыі да Чэхіі. Прага ўжо займала гэтую пасаду ў 2009 годзе, аднак яе тагачаснае старшынства выглядала хутчэй як фіяска: ураду Чэхіі прыйшлося сыйсці ў адстаўку. Аглядальнікі задаюцца пытаннем, як пойдзе справа на гэты раз.
Чэшская газета Hospodářské noviny бачыць у старшынстве шанец.

«Пра Еўразвяз цяпер усё больш кажуць і пішуць, становяцца вядомымі яго вострыя куты, а таксама светлыя і цёмныя бакі. Пандэмія, вайна ва Украіне і будучы энергетычны крызіс – гэта тыя важныя моманты, калі ў звычайных людзей ёсць магчымасць самім пераканацца, у чым заключаюцца сіла і карысць ад членства ў супольнасці: няхай гэта будзе атрыманне фінансавых сродкаў на аднаўленне ад пандэміі, сумесны закуп вакцын ці імпарт газу. Тлумачыць гэтыя канкрэтныя рэчы павінны палітыкі, і ў гэтым сэнсе тут ёсць яшчэ над чым працаваць. Вядома, лягчэй звальваць на галаву праславутага «Брусэля» усе непапулярныя рашэнні, і зусім не казаць аб перавагах сяброўства ў супольнасці», – падкрэслівае чэшскае выданне.

Вярхоўны суд ЗША абмежаваў паўнамоцтвы адміністрацыі прэзідэнта Байдэна па рэалізацыі палітыкі ў вобласці змены клімату. Вярхоўны суд пастанавіў, што Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя ЗША (EPA) не мае права ўстанаўліваць абмежаванні на выкіды CO2 для вугальных электрастанцый.
Італьянская газета Avvenire баіцца за лёс дэмакратыі.

«Палітычная сістэма «стрымлівання і працівагаў», дэмакратыя, якая можа паслізнуцца, але заўсёды валодае антыцеламі (да прыкладу, у выглядзе незалежнай прэсы, як у выпадку з Уотэргейцкім скандалам), краіна, якая можа сабе дазволіць складаць агульнасусветныя рэйтынгі свабоды – усё гэта ўступае ў трывожны перыяд некіруемых ідэалагічных канфліктаў, сацыяльных узрушэнняў і інстытуцыйнай нестабільнасці. Калі губляецца давер да механізмаў прадстаўнічай дэмакратыі, агульных правілаў і інстытутаў, цяжка паставіць заслон папулісцкай і антыліберальнай тэндэнцыям, якія толькі ўзмацняюцца за кошт перавагі эмацыйных і нерэфлексіўных аспектаў, характэрных для эпохі сацыяльных медыя», – адзначае італьянскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

Array