Барыс Гарэцкі: Дзяржава дае новыя тэрміны палітвязням, каб застрашыць насельніцтва



Намеснік старшыні беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі ў эфіры Рацыі распавёў пра тое, чаму Кацярыне Андрэевай прысудзілі новы тэрмін і які лёс чакае палітвязняў.

Барыс Гарэцкі. Фота з архіву Радыё Рацыя

РР: Пра Кацярыну Андрэеву. Улетку яна магла бы быць ужо на волі, але супраць як завялі новую справу. Цяпер ужо нібыта пра «здраду дзяржаве». Заўтра адбудзецца першае судовае паседжанне. Паводле твайго досведу, вырак ужо неяк сфармуляваны і рашэнне прынятае, ці тут шмат што залежыць ад нейкіх знешніх ці ўнутраных фактараў?

– Я не думаю, што тут нейкія фактары ўвогуле сур’ёзна ўплываюць, таму што калі на чалавека, які знаходзіцца за кратамі, заводзяць новую крымінальную справу, то відавочна, што гэта проста «раскрутка» ў турэмным слэнгу, то бок проста магчымасць працягнуць тэрмін чалавеку, і не выпусціць яго. Артыкул «за здраду дзяржаве» – гэта зноўку такі артыкул не пра дробны крадзеж ці махлярства. Гэта артыкул, дзе вельмі сурʼёзныя санкцыі, ён прадугледжвае ад 7 да 15 гадоў. Калі браць нават 7 ці нават 6, то ясна, што гэта вельмі моцнае пакаранне, якое пашырае час знаходжання чалавека за кратамі да нейкага асаблівага рашэння. Усе, хто атрымлівае такія артыкулы, ясна што наўрад ці, я спадзяюся, будуць сядзець 6-7 гадоў, але гэта будзе вырашацца ці падчас нейкага гандлю палітвязнямі, калі ён настане, ці вызвалення за нейкімі ўмовамі. У любым выпадку, цяпер улада працуе так, каб пакінуць чалавека за кратамі, адначасова ламаючы ягоны ўнутраны дух – чалавек, здаецца, мусіў выходзіць, але чарговыя 2 гады – для таго, каб застрашыць усіх астатніх. Тым, што любога, якога яны злавілі, могуць вось так «раскручваць». І непрыемна тое, што цяпер сувязяў з чалавекам у калоніі ўсё меней і меней. Калі раней родныя маглі нармальна хадзіць на спатканні ці дасылаць лісты, то цяпер ва ўсіх калоніях колькасць такіх спатканняў і сустрэч змяншаецца. Таму чалавека ўсё больш і больш уводзяць у ізаляцыю. Заўтра ў Кацярыны будзе складаны дзень, таму што многія падкашваюцца, калі чуюць гэтыя выракі 6, ці 7 гадоў. З іншага боку, мы ўсе спадзяемся на нейкія змены, і не думаю, што для Кацярыны будзе сюрпрызам тое, што супраць яе раскруцілася такая справа. Яна вельмі моцны чалавек, і мы вельмі спадзяемся, што яна вытрымае гэты выклік супраць яе, які робіць «дзяржава».

РР: І падчас першага выраку многія меркавалі, што не можа быць, каб журналісткі «Белсату» прасядзелі паўтара года за кратамі, але маем што маем. Што чуваць з Дарʼяй Чульцовай? Ёй не пагражае такая самая сітуацыя з працягненнем тэрміну?

– Трэба сказаць, што такая сітуацыя пагражае ўсім. Нават тым, хто «заехаў» на Акрэсціна па адміністрацыйным артыкуле. Але Дарʼя трапіла за краты і тады ў лістападзе 2020 году хутчэй таму, што яна была з Кацярынай. Дарʼя – гэта маладая журналістка, з Магілёўшчыны, якая зусім нядаўна прыехала ў Менск.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя