Турцыя затрымала расейскае судна са збожжам
У берагоў Турцыі затрымалі расейскае судна са збожжам, ва Украіне лічаць, што яно можа быць выкрадзена і вывезена з порта ў акупаваным Бярдзянску, заявіў у эфіры нацыянальнага тэлемарафона пасол Украіны ў Турцыі Васіль Баднар.

“У нас поўнае супрацоўніцтва. Цяпер судна стаіць ля ўваходу ў порт, яно затрымана мытнымі органамі Турцыі. А ў панядзелак адбудзецца следчая нарада, на якой будзе вырашацца далейшы лёс гэтага судна. Наш запыт перададзены, запыт Генпракуратуры, і мы спадзяемся на тое, што судна арыштуюць, а маёмасць канфіскуюць, а ўсіх, хто датычны да гэтага, прыцягнуць да адказнасці», – заявіў амбасадар.
1 ліпеня Украіна звярнулася ў Турцыю з просьбай затрымаць і арыштаваць расейскае грузавое судна «Жыбек Жолы», якое перавозіла 4500 тон збожжа, і прыбыло ў турэцкі порт. Офіс генпракурора Украіны звярнуўся ў Турцыю з просьбай правесці агляд гэтага судна, узяць узоры збожжа для правядзення экспертызы і запатрабаваць інфармацыю ў перавозчыкаў аб паходжанні гэтага збожжа.