Валянцін Дубатоўка: Забарона – гэта выдатная піяр-акцыя для нашых пісьменнікаў
Роднае слова шукае новых метадаў, каб „не ўмёрла” ды ажыццяўляе іх. Літаратурны працэс яшчэ мае прастору для сувязі з чытачом, нягледзячы на татальную зачыстку, робіць выснову гарадзенскі літаратар, „Госць Рацыі” Валянцін Дубатоўка.

РР: ЦІ маглі б вы пракаментаваць з’яўленне ў Беларусі спісу забароненых аўтараў?
– Я думаю, што трэба разглядаць не адно, а некалькі пытанняў. Першае, паколькі я ведаю аўтараў, адносна якіх дадзена каманда здымаць з бібліятэк. Трэба патлумачыць, чым сёння з’яўляюцца бібліятэкі. Бібліятэка раней была скарбніцай ведаў, скарбніцай таямніц, цнотаў розных, дзе можна адшукаць літаратурныя цікавосткі. Сёння такой бібліятэкі няма, яна перастала быць актуальнай. Мы ўсё ніяк не можам прызвычаіцца да таго, што бібліятэка ўжо не з’яўляецца такой. Наогул бібліятэкі на раён цяпер адна-дзве, больш ужо і няма. Калі браць гарадскія бібліятэкі, ну што гэта сёння. Сёння – гэта склад кніг і бібліятэкар сёння кладаўшчык, які пільнуе гэтыя кнігі.
РР: Мяркую, што які-небудзь дырэктар-бібліятэкар мог бы з вамі паспрачацца.
– Сказаць можна ўсё, канешне, але ў рэчаіснасці ўсё наадварот. Да той інфармацыі, якая сёння неабходная чытачу, дзецям, яны зараз ідуць не ў бібліятэку, а ў інтэрнэт, гэта ўсё зразумела. Другая гісторыя, што без бібліятэкі не можам быць. Гэта як валізка без ручкі – кінуць шкада і несці няма як. Яно будзе існаваць, яно будзе прысутнічаць, але такой актуальнасці яно ўжо не мае, як бы нам не хацелася, як бы нам не было балюча, гэтага ўжо не будзе. Адбываюцца прэзентацыі, прыходзіць 20-ць чалавек, якія не маюць дома інтэрнэту, па вялікім рахунку так, трэба пагадзіцца з гэтым. Цяпер, што датычыць аўтараў кніг, якія здымаюць з бібліятэк. Бог ты мой, гэта выдатная піяр-акцыя для нашых пісьменнікаў! Ніхто не ведаў, што прыбіраюць кнігі з бібліятэк, зараз усе наперабой хочуць пачытаць нават „Сабакі Еўропы” Бахарэвіча – 700 старонак, і кожны мае надзею набыць. Па сутнасці гэта добрая піяр-акцыя ўладамі зроблена, лепш прыдумаць складана было.
РР: Што б вы сказалі пра цкаванне беларускіх аўтараў ва Украіне?
– Ведаеце ў чым справа, зараз вельмі складана на ўкраінцаў што-небудзь гаварыць, канешне, іх можна зразумець. З нашай краіны ляцяць бомбы, ляцяць самалёты, ляцяць ракеты, вельмі складаная сітуацыя. На іх злавацца не выпадае, бо такая страшная трагедыя, зараз вайна, зразумела ўсё. Не трэба так крытычна да гэтага ўсяго ставіцца, гэта ўсё пройдзе. Не трэба так ужо, па вялікім рахунку, удавацца ў спрэчкі з украінцамі, іх можна зразумець. Сённяшняя беларуская дзяржава – гэта дзяржава, якая ўдзельнічае ў гэтай канфрантацыі. Пра Васіля Быкава, чаму так? Для нас, канешне, святое імя, а для іх гэта савецкі пісьменнік. Трэба рэалістычна глядзець на гэтыя рэчы. З часам тыя ж самыя ўкраінскія і беларускія пісьменнікі пагодзяцца ды знойдуць кропкі сутыкнення хутчэй, чым усе астатнія сацыяльныя групы. Павінен прайсці час, таму не трэба ўспрымаць так балюча. Я не бачу такой фатальнасці ва ўсёй гэтай сітуацыі.
Беларускае Радыё Рацыя