Палітзняволенага журналіста Алега Груздзіловіча хочуць прапусціць праз тры суды
Сталі вядомыя даты трох новых судовых працэсаў у дачыненні да журналіста Алега Груздзіловіча, які адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15. „Менсктранс” выставіў яму тры грамадзянскія пазовы — за спыненне транспарту падчас акцый летам і восенню 2020 года на агульную суму больш як 56 тысяч рублёў.

У сакавіку журналіста асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх летам і ўвосень 2020 года. Нібыта Груздзіловіч спыніў грамадскі транспарт на плошчы Незалежнасці, на вуліцы Кальварыйскай і на Партызанскім праспекце. Справы накіраваныя ў тры суды. Месяц таму ў камеру да журналіста прыходзіў афіцэр і патрабаваў падпісаць паперу, што ён згодны, каб першы суд паводле пазову „Менсктранса” адбыўся 6 чэрвеня. Груздзіловіч тады паперу не падпісаў, настойваў, каб на працэсах прысутнічалі адвакат і яго жонка, бо самога яго з магілёўскай калоніі ў Менск на судовыя працэсы не павязуць. Цяпер сталі вядомыя даты судоў.
У Заводскім судзе пазоў „Менсктранса” да Груздзіловіча будуць разглядаць 15 ліпеня.
У Маскоўскім судзе працэс адбудзецца 22 ліпеня
У Фрунзенскім судзе разгляд пазову „Менсктранса” прызначаны на 25 ліпеня.