Агляд прэсы: ведаюць, што робяць
Ці далучыцца Беларусь да наступу Масквы на Украіну? Джонсан сыходзіць з пасады кіраўніка партыі торы. Бельгія і Іран плануюць абмен зняволенымі. У Турцыі выбухнула забастоўка ўрачоў пасля забойства кардыёлага. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларусь паслужыла плацдармам для расейскага наступу ва Украіну, але дыктатар Лукашэнка дагэтуль ухіляецца ад таго, каб стаць бокам канфлікту», – паведамляе французскае выданне france24.com.
Выданне цытуе аглядальнікаў, якія падкрэсліваюць, што больш чым чатырохмесяцовай ваеннай кампаніі Масквы ва Украіне не відаць канца і яны не выключаюць, што ў яе яшчэ можа быць уцягнута і Беларусь.
«Лукашэнка добра ўсьведамляе той факт, што большасьць беларусаў не падтрымлівае ўвод войскаў ва Украіну. Але гэта не значыць, што Пуцін не паспрабуе ціснуць на Лукашэнку, і што Беларусь не падключыцца да наступу ў будучыні. Зяленскі на гэтым тыдні заявіў, што Кіеў не верыць, што Менск будзе ўцягнуты ў канфлікт. Але правакацыі ёсць і будуць. Да таго ж напружанне паміж Украінай і Беларуссю расце. Дыктатар Беларусі забяспечыў неабходную матэрыяльна-тэхнічную падтрымку Расеі, але відавочна ўстрымаўся ад адпраўкі войскаў ва Украіну. Беларускае войска мае нулявы баявы вопыт у параўнанні як з украінскім, так і з расейскім. Пуціну больш карысна выкарыстоўваць Беларусь для падтрымання «пэўнай напружанасці» на мяжы з Польшчай. А таму роля Беларусі ў наступе на Украіну ў канчатковым выніку будзе залежаць ад таго, чаго хоча Пуцін. Але варта памятаць, што беларусы — вельмі мірная нацыя», — падкрэслівае французскае выданне.
Выйсце з Еўразвязу, спалучанае з блытанінай, спрэчныя рашэнні, прынятыя падчас пандэміі, бясконцыя скандалы – нягледзячы на ўсё гэта, брытанскія торы доўга захоўвалі вернасць свайму прэм’ер-міністру. У чэрвені Джонсан нават выдужаў у выніку галасавання з нагоды вотуму недаверу, хай і з мінімальнай перавагай. Тым не менш, пасля сыходу ў адстаўку цэлага шэрагу міністраў і супрацоўнікаў кабінета, Джонсан прыняў рашэнне скласці з сябе паўнамоцтвы лідара Кансерватыўнай партыі. Пры гэтым ён мае намер да восені заставацца на пасадзе прэм’ер-міністра. На старонках еўрапейскай прэсы працягваецца шырокая дыскусія. На думку брытанскай газеты The Daily Telegraph, Джонсан павінен як мага хутчэй здаць паўнамоцтвы кіраўніка ўрада.
«Перад урадам – мноства найважнейшых задач, якія патрабуюць неадкладнага рашэння, як то: урэгуляванне рознагалоссяў па пытанні аплаты працы ў дзяржаўным сектары, асабліва цяпер, у сітуацыі галапуючай інфляцыі. Акрамя таго, краіне пагражае лета забастовак. Няўжо нехта сур’ёзна лічыць, што ў Джонсана дастаткова аўтарытэту для таго, каб займацца такімі пытаннямі? Так, ён з поўнай на тое падставай заявіў, што шэраг праблем носіць неадкладны характар, і ўрад абавязаны неадкладна імі заняцца. Менавіта таму той, хто прыйдзе яму на змену, павінен прыступіць да сваіх абавязкаў як мага хутчэй – бліжэйшыя дні, а не тыдні ці месяцы», – падкрэслівае брытанскае выданне.
У Бельгіі разгарнулася шырокая дыскусія вакол запланаванага абмену зняволенымі з Іранам: парламент ратыфікаваў у першым чытанні праект дамовы, паводле якога іранскі дыпламат, асуджаны ў Антвэрпэне за тэрарызм, можа быць абмяняны на грамадзянаў, якія знаходзяцца ў зняволенні ў Іране, у тым ліку аднаго шведска-іранскага вучонага. Прэса разважае аб гэтым няпростым рашэнні. «Гаворка ідзе не толькі аб правах чалавека», – піша бельгійская газета De Morgen.
«Вялікім еўрапейскім краінам пагражае няпростая ў энергетычным плане зіма, а таму яны зацікаўлены ў вядзенні бізнесу з Іранам. Гэта дае ў рукі Тэгерана інструмент, пры дапамозе якога той можа нешта запатрабаваць узамен. Калі зірнуць на тое, што адбываецца менавіта такім чынам, то можна сказаць, што Бельгіі «не пашанцавала» мець тое, што ахвотна займеў бы іранскі рэжым: асуджанага тэрарыста. Па прынцыпе «адзін за ўсіх», мы павінны пайсці на гэты непрыемны крок: вельмі складаную для Бельгіі здзелку, у абмен на лёгкі выхад з энергетычнага крызісу ў Еўропе», – адзначае бельгійскае выданне.
У сераду ў турэцкім горадзе Конья ў будынку гарадской бальніцы быў застрэлены лекар-кардыёлаг. Злачынства здзейснена сваяком памерлай пацыенткі. У знак пратэсту турэцкія дактары аб’явілі забастоўку, і не выйшлі на працу ў чацвер і пятніцу. Медыкі ўказваюць на тое, што за апошнія гады ў краіне значна пачасціліся выпадкі нападу на медычных работнікаў.
«Улады таксама вінаватыя», – адзначае турэцкая газета Habertürk.
«Праблема – не ў асобна ўзятым злачынстве, праблема – у атмасферы ў грамадстве, якая падганяе гвалт і ў канчатковым выніку нават яго апраўдвае. За апошнія дзесяць гадоў было зафіксавана 110 тысяч выпадкаў фізічнага гвалту ў дачыненні да медычнага персаналу. І не было прынята ніякіх захадаў па супрацьдзеянні гэтай тэндэнцыі! Наадварот: урад, які на працягу многіх гадоў ставіць сабе ў заслугу арганізацыю сістэмы аховы здароўя, сам аб’яўляе лекараў мішэнямі, замест таго каб прызнаць сваю віну за развал гэтай самай сістэмы», – піша турэцкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array