Вольга Марозава: Я спадзяюся, што нікога не падставіла
Страціць Радзіму, калі табе 47 і ты ўсё нажыў для нармальнага жыцця, калі побач з табой твае родныя і сябры – вельмі не проста. Але па-іншаму не можа быць, калі табе пагражае на Радзіме турма. Сёння мы пагаворым пра гэта з Госцяй Радыё Рацыя – беларускай Вольгай Марозавай з Браслава, якая ўжо другі год жыве ў Варшаве з сям´ёй.

РР: Вольга, чаму вам прыйшлося з’ехаць?
Вольга Марозава: Я была падазраваная па крымінальнай справе і адседзела трое сутак у ІЧУ. Вось гэта было, напэўна, самая апошняя кропля, калі мы вырашылі, што трэба з’язджаць. Таму што далі зразумець, што і дзіця, магчыма, у дзіцячы дом, бо ў мяне муж таксама праходзіў, у яго не крымінальныя артыкулы, а адміністрацыйныя, штрафы сплачвалі. Вось гэта было адпраўной кропкай, таму што нам жыцця ўжо не давалі.
РР: Якая гэта была справа?
Вольга Марозава: Артыкул не памятаю, але гэта быў паклёп, абраза пракурора. Былі лістоўкі, яны былі раскіданыя па паштовых скрынях у нашым горадзе, і я была, напэўна, самая актыўная на той момант. У нас спачатку быў дома вобшук, канфіскавалі ўсю тэхніку, тэлефон дзіцяці, а ўжо пасля з кватэры пасля допыту я не вярнулася. На трэція суткі толькі вярнулася дадому.
РР: Чаму выпусцілі – не знайшлі нічога ці давалі магчымасць вам з’ехаць?
Вольга Марозава: Можа быць. Я адседзела трое сутак, на той момант у мяне бабуля памірала. То-бок, калі я сядзела, яна памерла. Было хадайніцтва адваката пра тое, каб мяне выпусцілі, але на пахаванне я спазнілася. Сумна, канешне. Я ж яшчэ паліграф прайшла, седзячы ў ІЧУ. Я ж не забойца, не злодзей, каб яго праходзіць, справа быццам нязначная.
Падпіску ў мяне не бралі, у мяне быў следчы не з Браслава, а з Шаркоўшчынскага раёна.
Калі мяне яшчэ саджалі на гэтыя трое сутак, начальнік крымінальнага вышуку сказаў: вы ж можаце “зліняць”. Можа быць, таму што я выйшла на волю да сям’і. Але нас не пакідалі ў спакоі. Кожны тыдзень да нас практычна хтосьці прыходзіў з міліцыі. То-бок, калі штосьці дзесьці здаралася, напрыклад, скралі чырвона-зялёны сцяг, лічаць – Марозавы вінаватыя. Гарадок маленькі, усе адно аднаго ведаюць.
І ў нашым следчым камітэце заўжды мы былі ці як сведкі, ці як падазраваныя. І на дзіця гэта ўплывала, яму на той час было 8 год. Хоць мы з жартам з мужам ставіліся да гэтага, прынамсі я старалася, таму што звар’яцець можна, калі гэта ўсё ўспрымаеш як трагедыю, дзіця ж усё гэта таксама бачыў, што міліцыянты прыходзілі, выклікалі, што маці не было трое сутак.
РР: Што паказаў паліграф?
Вольга Марозава: Там былі пытанні – ці праплачвалі нам вось гэтыя паходы на акцыю. Паліграф быў дасланы з Віцебскай вобласці. Мужчына, які задаваў пытанні, запытаўся ў мяне, што я тут раблю. Я адказала, што адпачываю, напэўна. Ён быў здзіўлены. Я яго папрасіла: калі ўсё добра прайшло, вы хоць мне міргніце. І ён міргнуў. Значыць, усё было добра. Я спадзяюся, што нікога не падставіла.
РР: Але вы сказалі праўду, вы не падманвалі? Ці ўсё ж такі вы змаглі падмануць паліграф?
Вольга Марозава: Я не падманвала. Там былі пытанні, як ставішся да ўлады. Не, я казала праўду, як яно ёсць на самой справе. Я ж нікога не зняважвала. Я баялася за таго чалавека, які на самой справе рабіў улёткі. Таму што, калі б мяне спыталіся… Мяне больш за ўсё гэта хвалявала.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя