Human Constanta: Нават наяўныя спісы палітзняволеных і экстрэмістаў Беларусі – няпоўныя



Аналітыкі праваабарончай арганізацыі Human Constanta прадставілі вынікі даследавання пра тое, наколькі моцна заканадаўства пра экстрэмізм умешваецца ў паўсядзённае жыццё беларусаў.

Кажа праваабаронца Наста Лойка:

– Зараз Беларусь – унікальная краіна, дзе караецца любое праяўленне іншадумства. Закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму з’явіўся ў Беларусі яшчэ ў 2007 годзе, ён быў спісаны з расейскага заканадаўства. Адна з асноўных праблем – публічна вельмі мала інфармацыі, за што людзей затрымліваюць і судзяць, сваякі не заўсёды звяртаюцца ў праваабарончыя арганізацыі. Таму часта гаворым, што тыя ж спісы палітвязняў не ўключаюць усіх, хто беспадстаўна знаходзіцца ў следчых ізалятарах і затым іх судзяць. Спіс экстрэмістаў, сёння гэта 426 чалавек, ён дакладна будзе пашырацца.

Пра прычыну таго, што такія спісы будуць папаўняцца, распавяла эксперт Human Constanta, прававы аналітык Таццяна Зінякова:

– Важнае новаўвядзенне беларускага заканадаўства – гэта тэрмін «экстрэмісцкае фармаванне», які не заўсёды быў у законе аб экстрэмізме, з’явіўся пасля 2020 года. І ў адрозненні ад экстрэмісцкай арганізацыі, якая павінна прызнавацца судом і ёсць працэдура прызнання арганізацыі такім, экстрэмісцкае фармаванне – гэта штосьці, што дазваляе прызнаць групу грамадзян экстрэмістамі без вырашэння суда. Для таго дастаткова рашэння Міністэрства ўнутраных спраў або КДБ, і гэта робіць задачу кагосьці абвесціць экстрэмістам вельмі простай.

На думку экспертаў, афіцыйнае правапрымяненне тэрміну «экстрэмізм» у Беларусі парушае міжнароднае заканадаўства ў дадзенай сферы. Аднак жыхарам краіны варта ведаць механізмы абароны сваіх правоў у выпадку падазрэння ў здзяйсненні «экстрэміцскіх» дзеянняў.

Беларускае Радыё Рацыя