Валер Арабейка: Перыядычна нават зтэлефаноўваемся з жонкай
16 ліпеня 2021 году ў Беларусі быў вынесены прысуд па так званай «студэнцкай справе». Адной з фігунантак гэтай справы Яне Арабейка па 342 артыкуле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь („Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”) прысудзілі 2,5 гады калоніі.

Пра тое, як і дзе сядзіць Яна, распавядае яе муж – Валер Арабейка:
– Яна цяпер у гомельскай калоніі знаходзіцца. Ужо троху за паўгода атрымліваецца. Працуе на швейнай вытворчасці, як і ўсе, хто ў гомельскай калоніі знаходзіцца. Справы ў яе больш-менш. Сама праца ёй больш-менш падабаецца. Яна нават запісалася на нейкія курсы, штосьці там накшталт „кройкі і шыцця”. Нядаўна ў яе было доўгатэрміновае спатканне з маці, на суткі.
Па словах Валеры, ён мае нават магчымасць патэлефанаваць жонцы:
– Маем магчымасць тэлефанавання пару разоў на месяц. Я лістуюся з ёй, перапраўляючы лісты ў Беларусь, або перасылаю іх маці, маці іх друкуе і дасылае.
РР: А ці карыстаецеся вы гэтымі сервісамі, пісьмабел, нейкімі іншымі.
– Не, не бачу сэнсу вялікага, таму што я проста перад ад’ездам нападпісваў канвертаў сваёй рукой. Мне здаецца, калі ёсць падпісаныя канверты, то можна туды ліст укласьці і выслаць. Ну і плюс, у мяне маці можа за мяне пасылкі дасылаць і замоўныя лісты, бо яна мае генеральную даверанасць.
Актывістка Яна Арабейка мусіць выйсці на волю ў лістападзе 2022 году, а яе муж Валер Арабейка быў вымушаны з’ехаць за мяжу і цяпер знаходзіцца ў Грузіі.
Беларускае Радыё Рацыя