Справу журналісткі Ціны Палынскай перадалі ў пракуратуру
Сілавікі прыйшлі да полацкай журналісткі у нядзелю, 5 чэрвеня. Нагодай для ператрусу стаў крытычны пост у фэйсбуку пра візіт у Беларусь патрыярха Кірыла.

Ціна Палынская паведаміла, што на яе можа быць заведзена крымінальная справа.
„Справа выведзена ў кампетэнцыю Следчага камітэта. Усё будзе вырашаць лінгвістычная экспертыза. Адначасна будуць даследавацца мае паводзіны ў сацсетках на працягу ўсяго… неспакойнага часу”, — напісала журналістка.
У аўторак следчыя прапанавалі Ціне прыйсці да іх забраць камп’ютар. Калі журналістка прыйшла па сваю тэхніку, дык даведалася, што справа яе зусім не закрытая, як яна спадзявалася, а перадаецца далей у пракуратуру.
Ціна спадзяецца, аднак, што ў пракуратуры ёй таксама пашанцуе на „добрых людзей”:
„Пакуль што ўсе, каго я сустрэла за гэтую гісторыю, — добрыя людзі. Не тыя, каму за радасць мучыць іншых”.