Студыя беларускай татуіроўкі “1863” запрацавала ў Варшаве
Студыя беларускай татуіроўкі “1863” запрацавала ў Варшаве. Дакладней – рэлакавалася з Беларусі і працягнула сваю дзейнасць у Польшчы.
Нацыяльныя арнаменты, выявы гістарычных дзеячаў, тэматычныя надпісы пратэстаў 2020… тут пакідаюць на памяць самыя розныя шэдэўры. Дарэчы, менавіта тут працуе Алесь Таболіч – лідар гурта “Znich”.

Наш карэспандэнт паразмаўляла з саўладальнікам тату-студыі “1863” Віктарам Цыркуновічам.
РР: Як наогул з’явілася 1863?
– Самы мы з невялікага раённага цэнтра, гэта горад Беразіно. Мы працавалі, рабілі розныя выявы. Гэта неабавязкова была беларуская тэматыка, але, на жаль існуе такое паняцце як татуіроўка дзеля татуіроўкі. Зразумела, што гэты напрамак, упрыгожванне сябе, вельмі папулярны ў моладзі. Але моладзь – гэта тая катэгорыя людзей, якая яшчэ не зарабляе столькі грошай, каб выкарастаць іх на не зусім патрэбныя рэчы такія як татуіроўка. Гэта тое, без чаго можна абысціся ў жыцці.
І вось мы сутыкнуліся з такімі выпадкамі, калі прыходзіць малады чалавек альбо дзяўчына і кажа: у мяне ёсць крышачку грошай, што я магу зрабіць на іх?. Крышачку настолькі, што зрабіць на іх немагчыма нічога.
Але мы заўсёды цікавіліся, і дзякуй нашым бацькам, роднай гісторыяй, культурай. Беларуская мова для нас была ні нечым новым, але мы карысталіся ёй. Узнікла патрэбнасць рабіць нешта дзеля таго, каб зацікавіць гэтым самым іншых. Тамы мы запрапанавалі, што за гэтыя грошы ты можаш зрабіць сабе беларускі арнамент. Людзі пагаджаліся, мы рабілі.
Наступны раз той жа чалавек прыходзіў да нас і казаў – вось вы ведаеце, гэта досыць прыгожа, мне ўсё падабаецца, але мне больш пасуе не гэты сімвал беларускага арнаменту, а менавіта той – ён бліжэй да мяне. Мы казалі – добра, мы вырабім тое, што табе больш спадабаецца. Чалавек станавіўся зацікаўлены ва ўласным этнасе. Ён належыць да беларускай нацыі, і яму стала цікава гэта ўсё.
Карацей, канчалася гэта ўсё тым, што ён прыходзіў да нас, мы яму набівалі «Пагоню», размаўлялі ўжо пра князёў Літоўскіх, і гэта размова была ўжо на беларускай мове. Гэта было такім штуршком, каб адчыніць адпаведную студыю і працаваць у адпаведным стылі. Недзе нам было не зусім карысна ў фінансавым сэнсе, але зʼявілася ідэя папулярызацыі. Узнікла студыя 1863. Чаму 1863? Зразумела, што гэта год, калі беларусы змаглі супрацьстаяць расейскім акупантам.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя