Аляксей Дзікавіцкі: Якія сакрэты можна выдаць, калі ты сядзіш у турме?



13 ліпеня журналістка тэлеканала Белсат Кацярына Андрэева была пакараная 8-ю гадамі зняволення. З госцем Рацыі, намеснікам дырэктара тэлеканала Аляксеем Дзікавіцкім журналіст Рацыі абмяркоўвае гэтае жахлівае пакаранне.

РР: Восем гадоў за здраду дзяржаве, хаця насамрэч прысуд за прафесійную дзейнасць, за журналісцкую працу. Аляксей, прыгадайце, за што судзілі Кацярыну першы раз.

Аляксей Дзікавіцкі: Першы раз Кацю Андрэеву, нашу журналістку, разам з аператаркай Дашай Чульцовай судзілі за стрым з Плошчы Пераменаў, дзе там быў народны мемарыял загібламу Раману Бандарэнку, забітаму беларускімі спецслужбамі. Там людзі зрабілі мемарыял. І шмат прыехала амапаўцаў і міліцыі, каб яго знішчыць. Нашыя дзяўчыны сядзелі на 12 паверсе дома і вялі адтуль стрым 7 гадзін. Іх урэшце рэшт вылічылі, затрымалі і пасадзілі за тое, што нібыта яны, ведучы стрым, заклікалі людзей да незаконны дзеянняў. Хаця гэта было абсалютна абсурднае абвінавачванне. Працэс тады яшчэ быў адкрыты, і ўсе бачылі, як чорным па беламу, што не было ніякіх доказаў. Тады дзяўчыны атрымалі па 2 гады. І гэта было шокам, бо гэта былі першыя такія тэрміны для журналістаў пасля пратэстаў. Але хто мог падумаць, што будзе яшчэ горш.

РР: Восем гадоў за здраду дзяржаве – гэта ўжо перасякае ўсе межы і абсурду, і здаровага сэнсу, і прыстойнасці, і логікі. А пра судовую справядлівасць хіба згадваць не варта.

Аляксей Дзікавіцкі: Гэта ўжо хіба класічны сталінізм, таму што абвінавачваць дзяўчыну, якая сядзела да гэтага два гады ў турме, што яна нешта там перадала замежным дзяржавам, трэцім краінам… Што яна магла з турмы перадаць? Гэта абсалютна беспадстаўнае абвінавачванне.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя