Павел Дайлід: Катаванні „палітычных” у беларускіх ІЧУ працягваюцца



Катаванні ў беларускіх ізалятарах часовага ўтрымання за дробныя палітычныя правіны працягваюцца.

Журналіст з Івацэвічаў Павел Дайлід трапіў на трое сутак у ізалятар толькі за даўні здымак з бел-чырвона-белым сцягам на яго старонцы ў Кантакце, гаворыць Павел Дайлід:

Для палітычных не выдалі матрацы. На гэтых нарах вельмі праблематычна спаць, бо там такія пласціны і яны ўпіваюцца ў цела. Гэта вельмі балюча, прачынаешся – баляць рэбры, бакі, спіна. Таму апошнюю ноч я проста лёг і спаў на падлозе. У час ранішніх шмонаў мы станавіліся ў кайданках, а побач стаяў чалавек, асуджаны на 8 гадоў турмы і ён стаяў без кайданкоў. І ўсю ноч гарэла яркае святло, прама ў вочы свеціць.

Паводле Паўла Дайліда, курыць, перадачы, прылегчы днём на нары забаронена, і за гэтым сочаць. Уначы толькі «палітычных» двойчы падымаюць.

Дайлід лічыць такія адносіны ў ізалятары катаваннем, аб чым паскардзіўся пракурору Івацэвіцкай пракуратуры. Далейшага свайго лёсу Павел не ведае. Але лічыць, што застрашванне людзей працягваецца, каб не смелі варухнуцца без дазволу.

Беларускае Радыё Рацыя