Журналіста Intex-press Юрыя Ганцарэвіча асудзілі на 2,5 года калоніі



Яго прызналі вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (артю 364-4, ч.1) за фота ваенных самалётаў, якія ён адправіў телеграм-каналу «Радыё Свабода», паведамляе «Інтэкс-прэс».

Справу разглядала ў Берасці абласная судовая калегія пад старшынствам Мікалая Грыгаровіча.

Сваю віну Ганцарэвіч у судзе прызнаў цалкам. Ён матываваў свой учынак тым, што «хацеў паказаць, што ў бок Украіны лётаюць не беларускія самалёты, а расейскія, хацеў даказаць, што Беларусь не ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях».

Юрый Ганцарэвіч быў затрыманы 27 красавіка, спачатку яго асудзілі на 10 сутак. Але праз тыдзень у праўладных тэлеграм-каналах з’явіўся фрагмент відэа з яго допыту і інфармацыя аб прычыне затрымання: ён нібыта фатаграфаваў расейскую ваенную тэхніку і адпраўляў здымкі ў СМІ, прызнаныя беларускімі ўладамі экстрэмісцкімі.