Агляд прэсы: нічога не бойцеся!
Верагоднасьць уключэння Беларусі ў вайну Расеі супраць Украіны. Візіт у Аравію: няпростая місія Байдэна. Ці будзе газ у Еўропы? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Расея можа пачаць наступ на Кіеў з поўначы на фоне асцярог, што беларускія войскі вось-вось будуць разгорнутыя ва Украіне. Расейскія войскі размешчаны ў Беларусі для ўварвання Масквы ва Украіну, але сам Лукашэнка будзе генералам без арміі, калі вырашыць увесці свае войскі», – піша польскае выданне The Warsaw Institute.
«Для беларускага дыктатара далучэнне да ваенных дзеянняў Расеі ва Украіне можа быць непапулярным крокам, бо 80% беларусаў супраць адпраўкі свайго войска ва Украіну. Але паколькі расейскае ўварванне працягваецца, і кожны дзень гіне ўсё больш вайскоўцаў, Масква можа адчуваць некаторае жаданне накіраваць ва Украіну дзясяткі тысяч беларускіх салдат. У гэтым месяцы беларускія вайскоўцы праводзяць мабілізацыйныя вучэнні ў Гомельскай вобласці, якая знаходзіцца на паўднёвай мяжы краіны з Украінай. Беларусь перадала Расеі поўны кантроль над аэрадромам Зяброўка каля ўкраінска-беларускай мяжы, дзе былі разгорнутыя ракетныя комплексы «Іскандэр» і С-400. Украінскія чыноўнікі таксама заяўляюць, што беларускія спецназаўцы і ВДВ бяруць удзел у нейкіх «палітзанятках», падчас якіх іх навучаюць неабходнасці ўдзелу ў тым, што Расея называе «спецаперацыяй» ва Украіне. На мяжы Беларусі з Украінай знаходзяцца да сямі беларускіх батальёнаў. Спецслужба Украіны папярэдзіла аб магчымасці пранікнення расейскіх дыверсійна-выведвальных груп у краіну з тэрыторыі Беларусі. Украінскія войскі пабудавалі новую лінію абароны ўздоўж раней неўмацаванай паўночнай мяжы краіны з Беларуссю. Няма прыкмет таго, што Беларусь ці Расея фармуюць ударныя групоўкі для наступу на Украіну з поўначы. Аднак ва Узброеных сілах Украіны папярэдзілі аб павелічэнні ваеннай актыўнасці і колькасці войскаў Беларусі каля мяжы», – адзначае польскае выданне.
У ходзе свайго турнэ па Блізкім Усходзе прэзідэнт ЗША Байдэн вырашыў наведаць і Саўдаўскую Аравію, што выклікала крытыку з боку сусветнай грамадскасці. Пасля забойства ў 2018 годзе журналіста Джамаля Хашогі, якое, паводле звестак выведкі, было санкцыянаванае спадчынным прынцам Мухамедам ібн Салманам, Байдэн нярэдка дазваляў сабе вельмі рэзкую рыторыку на адрас Эр-Рыяда.
«Гэты візіт у Блізкаўсходні рэгіён запатрабуе ад Байдэна немалога дыпламатычнага ўмення», – адзначае франуцзская газета Libération.
«Байдэну трэба прайсці па канаце паміж Іерусалімам і Эр-Рыядам. Пры гэтым ён паспрабуе абысці ўсе пасткі, якія то тут, то там расстаўляе заблытаная сітуацыя на Блізкім Усходзе. Ён спрабуе па магчымасці не ўмешвацца ў ізраільска-палестынскі канфлікт: так, ён запрасіў у Вашынгтон сям’ю Шырын Абу Акле, амерыкана-палестынскай журналісткі, якая загінула ў Джэніне ў выніку абстрэлу з боку Ізраіля, але пры гэтым не заяўляў, што ў яе гібелі вінаватае ізраільскае войска. На гэты раз Байдэну трэба будзе здзейсніць у Эр-Рыядзе нейкі сімвалічны жэст у памяць аб Джамале Хашогі, што будзе яшчэ складаней, але важнасць гэтага жэсту цяжка пераацаніць», – падкрэслівае французскае выданне.
З панядзелка Газпрам спыніў пастаўкі газу па расейска-германскім газаправодзе «Паўночны паток-1», які забяспечвае перш за ўсё краіны Паўночна-Заходняй Еўропы. Прычына: планавы рамонт. Многія асцерагаюцца, што Масква скарыстаецца гэтай паўзай і поўнасцю спыніць газазабеспячэнне Еўропы.
Ірландская газета Irish Examiner мяркуе, што свой галоўны газавы рычаг Масква задзейнічае толькі праз некалькі месяцаў.
«Калі Расея і на самой справе цалкам спыніць пастаўкі, то ў яе больш не застанецца магчымасцяў аказваць ціск. З тактычнага пункта гледжання, Маскве было б выгодней захаваць нейкія аб’ёмы паставак, пакідаючы за сабой опцыю зрэзаць іх ці ж перакрыць газ цалкам, у любы зручны для сябе момант. А пакуль што Крэмль будзе сядзець на двух крэслах: атрымліваць высокія прыбыткі і трымаць у сваіх руках усе рычагі. Для дасягнення сваіх мэтаў Расея зацікаўлена ў працягу паставак газу ў Германію, але ў скарочаным аб’ёме, як, уласна, гэта зараз і адбываецца. У нейкі момант, аднак, Масква цалкам перакрые кран, па ўсёй верагоднасці – наўпрост перад надыходам зімы, каб паставіць нямецкую эканоміку на калені», – адзначае ірландскае выданне.
Прайшло амаль сем месяцаў з таго дня, калі тэлескоп Джэймса Уэба (JWST) быў паспяхова запушчаны ў космас. Цяпер навукоўцы апублікавалі першыя выявы, зробленыя тэлескопам: гэта здымкі яшчэ вельмі маладога космасу 13,5 мільярдаў гадоў таму, якія сталі магчымымі дзякуючы выкарыстанню велізарнага складанага інфрачырвонага люстэрка. Гэта вынік тытанічнага сумеснага праекта касмічных агенцтваў ЗША, Канады і Еўропы.
«Гэтыя здымкі павінны паслужыць найлепшай матывацыяй для чалавецтва», – піша нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.
«У параўнанні з вытокамі ўсяго існага, можна сказаць, што жыццё на Зямлі – гэта амаль нішто. Але, на шчасце, у чалавецтва ёсць яшчэ некалькі прычын для таго, каб не адчайвацца і не лічыць усё марным і нічога не значным. Па-першае, сама дапытлівасць чалавека робіць магчымым такое глыбокае пранікненне ў таямніцы матэрыі. Другі чыннік, паводле якога мы не павінны застынуць у банальным страсе, апусціўшы рукі, складаецца ў наступным: хоць наш выгляд залежыць ад фізічнай прыроды, ён таксама пераўзыходзіць яе. І гэта не толькі суцяшэнне, але і стымул да таго, каб зрабіць гэтую нашу Зямлю годным месцам для ўсіх, хто жыве. Бо прыйдзе час, і мы ўсе да адзінага назаўжды знікнем пад пільным поглядам немігаючых зорак», – рэзюмуе нямецкае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя
Array