Палац Радзівілаў у Дзятлаве выстаўлены на продаж



Двухпавярховы будынак былога палаца Радзівілаў, а пазней Солтанаў, паўторна выстаўлены на продаж. Кошт лота, размешчанага на сайце Дзяржкаммаёмасці, складае 30 963.93 беларускія рублі. Папярэдні раз яго спрабавалі прадаць у верасні 2021 года за 145 рублёў.

Фота planetabelarus.by

Будынак знаходзіцца на балансе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама. На аўкцыён выстаўленыя тры аб’екты – сам будынак былога палаца, добраўпарадкаванне тэрыторыі і кабельная лінія электраперадачы.

Прыём заяў працягнецца да 5 жніўня, завяршыць аўкцыён плануецца 11 жніўня.

Па ўмовах, выкарыстоўваць аб’ект варта не пазней за 3 гады ад даты падпісання дагавора куплі-продажу. У выпадку рэканструкцыі, зносу нерухомай маёмасці – у тэрміны, вызначаныя распрацаванай праектна-каштарыснай дакументацыяй, але не пазней за 5 гадоў з дня падпісання дагавора куплі-продажу. Шматгадовыя насаджэнні на ўчастку таксама перадаюцца пераможцу аўкцыёну.