Агляд прэсы: у чаканні на кампраміс
Ва Украіне канфіскаваныя беларускія паравозы, якімі перавозіліся харчы для расейскага войска. Вайна ў Украіне: якая неабходнасць перамір’я? Вынікі візіту Байдэна на Блізкі Усход. Дыпламатычны скандал паміж Харватыяй і Сербіяй. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Радыё Рацыя.
«Суд арыштаваў тры цеплавозы дзяржаўнага прадпрыемства «Беларуская чыгунка», якія перавозілі агрэгаты і правіянт для Узброеных сіл Расеі. Ацэначны кошт арыштаванай маёмасці складае больш за 70 млн грн (у эквіваленце 2,4 млн даляраў ЗША)», – паведамляе ўкраінскае выданне Ukrainska Pravda.
Выданне цытуе Службу бяспекі Украіны: «Расея выкарыстала чыгуначную інфраструктуру Беларусі для падрыхтоўкі да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Па версіі следства, лакаматывы выкарыстоўваліся для перавозкі асабістага складу, узбраення, ваеннай тэхнікі і сродкаў тылавога забеспячэння захопнікаў да паўночных межаў нашай краіны. Пазней яны ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях супраць УС Украіны на тэрыторыі Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей. У ходзе следча-аператыўных дзеянняў супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны ўстанавілі месцазнаходжанне гэтых лакаматываў на тэрыторыі Кіеўскай вобласці і выявілі іх выкарыстанне ў злачынствах супраць Украіны.
У пракуратуры дадалі, што беларускія лакаматывы перададзеныя ў Агенцтва па вышуку і кіраванні маёмасцю».
Папа Францішак заявіў, што моліцца аб аднаўленні перамоваў аб спыненні агню ва Украіне. І ў гэтым пантыфік не самотны. У той час як пазіцыі праціўнікаў на лініі судакранання паступова ўмацоўваюцца, на Захадзе ўсё гучней гучаць заклікі ў адрас Украіны шукаць перагаворнае рашэнне з Расеяй з прычыны няўмольна надыходзячага дэфіцыту энергарэсурсаў і пагрозы глабальнага крызісу, выкліканага недахопам харчавання.
Французская газета Le Point выступае за мірнае рашэнне, нават калі яно не задаволіць усе бакі.
«Існуе рызыка таго, што вайна зацягнецца, магчыма, у форме канфлікту нізкай інтэнсіўнасці. Калі настане зручны час, еўрапейскія краіны павінны прыкласці намаганні для спынення агню. Яны павінны прывесці канкрэтныя аргументы Кіеву і Маскве; магчыма, дзеля дасягнення кампрамісу ім нават давядзецца адмовіцца ад сваіх прынцыпаў. Калі ж яны пацерпяць няўдачу, то канфлікт на краі Еўропы будзе тлець бясконца доўга, і ў выніку Украіна ператворыцца ў спустошанае поле бою. Нашы інтарэсы і сумленне не дазваляюць нам здавольвацца такім станам спраў», – падкрэслівае французскае выданне.
Падчас сваёй блізкаўсходняй паездкі, якая доўжылася некалькі дзён, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн спрабаваў балансаваць паміж рэальнай палітыкай і заклікам адмовіцца ад гвалту. Размова ішла аб інтарэсах бяспекі Ізраіля, правах чалавека ў Саудаўскай Аравіі і, перш за ўсё, аб сусветнай здабычы нафты. Еўрапейская прэса абмяркоўвае, якія з інтарэсаў Захаду маюць найбольшую вагу, і ў якой ступені яны здзяйсняльныя.
«Кошты на бензін для прэзідэнта ЗША зараз важней, чым правы чалавека», – адзначае швейцарская газета Corriere del Ticino.
«Трэба глыбока закапаць галаву ў пясок, каб не ўбачыць, што сапраўднай мэтай візіту Байдэна ў Саудаўскую Аравію з’яўляецца той факт, што гэтая краіна – адзін з найважнейшых экспарцёраў нафты. Адмысловая праблема для Байдэна – рост коштаў на бензін. Гэта настолькі адчувальная палітычная тэма ў Злучаных Штатах, што рэспубліканцы ўжо некалькі месяцаў вядуць жорсткую апазіцыйную кампанію. Адзіны спосаб знізіць кошты на паліва – павялічыць прапанову сырой нафты», – адзначае швейцарскае выданне.
Планы прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча здзейсніць незапланаваную паездку ў Харватыю справакавалі дыпламатычны скандал паміж Бялградам і Заграбам. Вучыч меў намер без папярэджання і, паводле яго слоў, у прыватным парадку наведаць мемарыял канцлагера Ясенавац у Харватыі. У Заграбе спаслаліся на дыпламатычны пратакол: прыватны візіт кіраўніка замежнай дзяржавы без папярэдняга апавяшчэння немагчымы. Сербскія палітыкі адрэагавалі з абурэннем. «Прэзідэнт Сербіі не павінен дзівіцца рэакцыі Харватыі», – лічыць харвацкая газета Večernji list.
«Па-першае, ён павінен усведамляць, што падобны план будзе ўспрыняты ў нашай краіне як правакацыя з мэтай пасеяць хаос у Ясенаваце. Нават калі гэта і не было мэтай, то вельмі цяжка паверыць, што інцыдэнту не адбылося б, і перш за ўсё, пры поўнай адсутнасці якога-небудзь пратакольнага кантролю. Сербскі прэзідэнт зусім не бязгрэшны: больш за 30 гадоў грамадзяне Харватыі чакаюць праўды аб зніклых без вестак падчас югаслаўскай вайны і чакаюць на атрыманне іх парэшткаў. Яны моляцца аб вяртанні сваіх сыноў, дачок і бацькоў. Вучыч мог бы даць ім адказы і прапанаваць мір, але ён гэтага не робіць. Тады чаму дзівіцца?», – задае нязручнае пытанне харвацкае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя
Array