„Шахцёр” адолеў футбалістаў „Белшыны” ў матчы чэмпіянату Беларусі
Футбалісты салігорскага „Шахцёра” святкавалі валявую вікторыю над бабруйскай „Белшынай” з лікам 2:1 у гасцявым матчы 15-га тура чэмпіянату Беларусі. Усе мячы сустрэчы ў Бабруйску былі забіты ў другім тайме. На 66-й хвіліне Іслам Часнакоў вывеў гаспадароў наперад, затым Максім Скавыш зраўняў лік, а потым Ілля Чарняк забіў другі гол у браму „Белшыны”.
Беларускія клубы даведаліся магчымых супернікаў у Лізе канферэнцый
У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне адбылося лёсаванне чарговых кваліфікацыйных раундаў Лігі канферэнцый. Менскае „Дынама”, якое на старце кваліфікацыі было мацнейшае за чарнагорскі клуб „Дэчыч”, у выпадку выйгрышу ў ізраільскага „Хапаэля” у 3-м раўндзе сустрэнецца са швейцарскім „Лугана”.
Барысаўскі БАТЭ, калі пройдзе турэцкі „Каньяспор”, згуляе з пераможцам пары „Капер” (Славенія) – „Вадуц” (Ліхтэнштэйн). Футбалісты „Гомеля” ў выпадку поспеху ў гульнях з грэчаскім „Арысам” будуць супернічаць з лепшай камандай пары „Зіра” (Баку, Азербайджан) – „Макабі” (Тэль-Авіў, Ізраіль).
Салігорскі „Шахцёр”, які саступіў у першым раўндзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў славенскаму „Марыбору”, у 3-м раундзе Лігі канферэнцый сустрэнецца з пераможцам матчаў ЧФР (Румынія) – „Інтэр” (Андора).
На жаночым чэмпіянаце Еўропы па футболе вызначыліся ўсе чвэрцьфіналісты.
Пасля фінішу групавога этапа жаночага чэмпіянату Еўропы па футболе ў Англіі сталі вядомы ўсе ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі. Апошнімі ў плэй-оф прабіліся футбалісткі зборнай Бельгіі, якія ў трэцім туры спаборніцтваў папярэдняй групы D адолелі італьянак – 1:0. У іншым паядынку гэтага квартэта супернік беларускай зборнай па кваліфікацыі ЧС каманда Ісландыі згуляла ўнічыю з францужанкамі – 1:1 і засталася за бортам чвэрцьфіналу. Такім чынам, у чвэрцьфіналах 13-га жаночага Еўра згуляюць: Англія -з Іспаніяй, Германія з Аўстрыяй, Швецыя з Бельгіяй, Францыя з Нідэрландамі. Вырашальны паядынак кантынентальнага першынства адбудзецца 31 ліпеня на полі лонданскага стадыёна „Уэмблі”.
Сасновіч выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Гамбургу
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч паспяхова стартавала на турніры катэгорыі WTA-250 у нямецкім Гамбургу з прызавым фондам 251 тысяча даляраў. У першым раундзе адзіночнага разраду беларуска, якая займае 35-е месца ў сусветным рэйтынгу, упэўнена перайграла ў дзвюх партыях прадстаўніцу Германіі Настассю-Марыяну Шунк, у якой 146-я пазіцыя, з лікам 6:1, 6:4. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 15 хвілін.
Каралёк стаў пераможцам міжнароднай велагонкі „Тур Беларусі”
Яўген Каралёк выйграў міжнародную велашматдзёнку „Тур Беларусі”, якая праходзіла па дарогах Берасцейскай і Гарадзенскай абласцей. У заключны дзень спаборніцтваў гоншчыкаў чакаў кальцавы этап працягласцю 134 км са стартам і фінішам у Навагрудку. Пераможцам гонкі стаў прадстаўнік каманды Берасцейскай вобласці Яўген Собаль, які апярэдзіў на фінішы мінчаніна Сяргея Шаўчэнку і Мікіту Шульчанку з Расіі. У агульным заліку па выніках пяці этапаў першынстваваў гарадзенец Яўген Каралёк, які апярэдзіў найбліжэйшых пераследнікаў Марка Грынкевіча і Васіля Строкава больш як на тры хвіліны. Каралёк таксама перамог у намінацыі „Самы стабільны гоншчык”.
Баршым стаў першым у гісторыі трохразовым чэмпіёнам свету ў скачках у вышыню
Катарскі лёгкаатлет Мутаз Баршым заваяваў залаты медаль у скачках у вышыню на чэмпіянаце свету, які праходзіць у амерыканскім Юджыне. Баршым пераадолеў планку на вышыні 2,37 метра. Баршыму 31 год, ён стаў першым у гісторыі мужчынам – трохразовым чэмпіёнам свету ў скачках у вышыню.
Беларускае Радыё Рацыя