Цімох Авілін: Змены ў космасе цягнуць за сабой і змены на Зямлі
У Беларусі ўвайшлі ў абарачэнне паштовыя маркі пад слоганам «Зорнае неба вачамі беларусаў» з серыі «Астраномія», на якіх паказаны сузор’і пад сваімі беларускімі народнымі назвамі. Праект быў падрыхтаваны „Белпоштай” у супрацоўніцтве з менскім Планетарыям, а вось у яго аснову ляглі вынікі даследванняў аўтара-папулярызатара тэмы космасу ў Беларусі Цімафея Авіліна.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцeм Рацыі» – этнаастраномам Цімафеям Авіліным, пра тое, якое сусветнае значэнне мае запуск тэлескопа Джэймса Уэба (JWST) у космас, калі беларусы пераселяцца на Марс і наколькі лёгка можна пабачыць зорнае неба вачыма беларуса:
– Пра маркі была такая гісторыя, што мне аднойчы патэлефанаваў дырэктар менскага планетарыя „дапамажы, якія сузор’і лепей зрабіць, калі што можам дамову падпісаць”, я кажу, што і так дапамагу, ну і ўсё, напісаў якія сузор’і абраць і апісанні пра гэтыя сузор’і і даслаў ім. Праходзіць некалькі месяцаў, мне знаёмы дасылае спасылку на тое, што плануецца выхад марак гэтых, маркі называюцца „Зорнае неба вачыма беларусаў”, а гэта слоган, які я прыдумаў і ніхто мне не казаў, што будуць браць гэты слоган. І нават ніхто з менскага планетарыя не паведаміў, што плануюцца такія маркі. І вось літаральна на днях выйшлі ў зварот гэтыя маркі і пасля гэтага мне ніхто нічога не напісаў. Толькі пасля таго, як я зрабіў рэпост і людзі пачалі каментары пісаць, толькі пасля гэтага дырэктар планетарыя напісаў „Дзякуй за дапамогу”. Вось такая гісторыя з маркамі.
– Ці будзеш пасля гэтага працягваць супрацу з менскім планетарыям?
– Так, канешне, як бы там не было, яны ўсё адно зрабілі даволі добрую справу. У шмат якіх беларусаў няма такога пачуцця павагі да таго, хто ім хтосьці штосьці робіць бясплатна.

– Хацела запытаць пра міралюбівую функцыю космасу, калі зараз пагроза ядзернай вайны, трэцяй сусветнай, тут невядома што робіцца, людзі раптам паглядзелі ў космас. І вось тэлескоп Джэймса Уэба перадаў першыя фотаздымкі, я так разумею, маладога космаса, якому 13,5 мільярдаў гадоў, то бок мы можам сказаць, што гэтыя фотаздымкі перагналі час, што яны зафіксавалі? Мы паглядзелі на космас, які ён быў раней, так?
– Менавіта так. Ідэя ў тым, што чым глыбей, умоўна кажучы, ты глядзіш у космас, тым больш ранейшыя этапы развіцця сусвету ты можаш паглядзець. Адпаведна, калі ў цябе проста тэлескоп 50 крат, ты бачыш там, што адбываецца мільярд год назад, а калі гэты круты тэлескоп узялі, можна паглядзець, што было 13 мільярдаў гадоў таму. Ілан Маск паставіў фікс-ідэю паляцець на Марс. З аднаго боку гэта прыкладна такая ідэя, як раней ідэя паляцець у космас. Усе смяяліся, але пры гэтым тэхналогіі развіваюцца і ён сваёй „Тэсла” развівае тэхналогіі, таму ідэі, якія звязаныя з космасам, яны за сабой цягнуць у першую чаргу развіццё тэхналогій, а па-другое, гэта такі рамантызм. Гэта такая аснова, на якую ўсё дадаецца, на аснове чаго ўсё развіваецца.
– А ці можна пры дапамозе тэлескопа Уэба пабачыць той момант, калі стварылася Зямля?
– Ты не можаш паглядзець. Ты глядзіш не на рэальныя аб’екты, якія на дадзены момант існуюць, а ты глядзіш на тое святло, якое ад іх засталося.
– А як бы ты падагульніў, якое значэнне мае тэлескоп Джэймса Уэба для чалавецтва, што нам варта зразумець зараз на фоне вайны?
– Варта зразумець, што трэба скончыць вайну, ёсць рэчы значна цікавейшыя і куды імкнуцца. Адна справа фотаздымкі – гэта проста прыгожа, эстэтычна, а для чалавецтва ў цэлым, можна паглядзець на раннія этапы развіцця сусвету, а па-другое, там яшчэ ёсць аналіз планет, у тым ліку экзапланет розных, такім чынам можна паспрабаваць знайсці сістэмы, дзе будуць планеты падобныя да Зямлі. Ёсць імавернасць, можа там жыццё. Ідэі самога чалавецтва: дзе мы, хто мы, што было раней, чаму ёсць тое, што ёсць? Ну, і ніхто ніколі пра рэлігію не забывае, тыя тэорыі, якія ў будызме ёсць, у фізыцы, часам, знаходзяць свае пацверджанні – менавіта будова Сусвету ўсяго. Тое, што мы глядзі на гэтыя фоткі – гэта па-сутнасці адлюстраванне таго, што фізікі, лазэршчыкі, оптыкі навучыліся такое рабіць, а гэта ж будуецца з пэўных дасягненняў, даследванняў, якія можна прымяніць потым і ў іншых сферах.
Фота Цімафея Авіліна і з адкрытых крыніц

