„Беларусьфільм” выпусціць мультфільм пра Купалу і Коласа
Анімацыйны фільм пра Янку Купалу і Якуба Коласа выпусціць да Дня беларускага пісьменства кінастудыя „Беларусьфільм”. Стужка называецца „Класікі і шахматы”.
„Фільм прысвячаецца юбілейнай даце — 140-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Праца над стужкай пачалася мінулай восенню, ужо завяршаецца, і ў верасні да Дня беларускага пісьменства выпусцім анімацыйны фільм „Класікі і шахматы”, — распавяла агенцтву БелТА сцэнарыст і рэжысёр-пастаноўшчык мультфільма Наталля Касцючэнка.
Па яе словах, сюжэт грунтуецца на вядомым факце: абодва пісьменнікі любілі гуляць у шахматы. У мультфільме паказаны іх своеасаблівы шахматны паядынак з чытаннем урыўкаў сваіх твораў. 13-хвілінны фільм разлічаны на дзяцей ва ўзросце ад 6 гадоў. Для мультфільма падбіралі вершы класікаў, напісаныя для дзяцей.