Агляд прэсы: цана пытання
Ва ўласным дэфолце Менск абвінавачвае санкцыі Захаду. Італія: урад Драгі ля фінальнай рысы. Хто стане пераемнікам Барыса Джонсана? Надзвычайны план ЕЗ: эканомія і салідарнасць. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Міністэрства фінансаў Беларусі заявіла, што заходнія санкцыі, якія абмежавалі здольнасць Менска весці аперацыі ў замежнай валюце, штурхаюць краіну да дэфолту, нягледзячы на тое, што Менск можа абслугоўваць свае запазычанасці», – перадае кіпрская газета Cyprus Mail.
«Беларусь не выплаціла купон па еўрабондах 2027 года з пагашэннем 29-га чэрвеня. Пасля заканчэння 14-дзённага льготнага перыяду сусветнае рэйтынгавае агенцтва Fitch у панядзелак панізіла доўгатэрміновы рэйтынг Беларусі ў замежнай валюце з «С» да «абмежаванага дэфолту». Рэйтынгавае агенцтва S&P Global захавала рэйтынг Беларусі ў замежнай валюце на ўзроўні «CC/C», але заявіла, што можа панізіць яго да «выбарачнага дэфолту», калі выплаты па аблігацыях не будуць праведзены ў іх першапачатковай валюце да канца ільготнага перыяду. Раней Менск заяўляў, што гатовы разлічвацца па знешніх абавязацельствах у нацыянальнай валюце — беларускіх рублях.
«Але ёсць і трэція асобы, дзеянні якіх адназначна накіраваныя на ўзнаўленне з’яў штучнага дэфолту ў адпаведнасці з генеральнай лініяй Захаду», – цытуе кіпрскае выданне беларускае міністэрства фінансаў і падкрэслівае, што Беларусь трапіла пад санкцыі Захаду за падтрымку ўварвання Расеі ва Украіну. У дачыненні да Менску таксама былі ўведзеныя санкцыі з-за спрэчных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступных рэпрэсій уладаў супраць пратэстоўцаў.
Прэм’ер-міністру Італіі Марыё Драгі так і не ўдалося захаваць кааліцыйны ўрад краіны, які трашчыць па швох. У сераду, падчас галасавання ў Сенаце, усе тры галоўныя партнёры па кааліцыі: «Ліга», «Наперад, Італія» і «Рух пяці зорак», адмовілі Драгі ў вотуме даверу. Цяпер еўрапейская прэса спрабуе зразумець, што менавіта адстаўка прэм’ер-міністра, якая мае адбыцца, будзе азначаць для Італіі і Еўропы. Гішпанская газета La Vanguardia успамінае, як дзесяць гадоў таму Драгі стаў еўрагероем.
«Пра сур’ёзнасць сітуацыі сведчыць міжнародная рэакцыя, якая заклікае Драгі не сыходзіць у адстаўку, а таксама ціск, які здзяйсняецца на ўсе італьянскія партыі з мэтай пазбегнуць датэрміновых выбараў. Наліха, у ліпені 2022 года, калі Драгі ўжо адной нагой за дзвярыма рэзідэнцыі італьянскага ўрада, успамінаецца знакаміты выраз, які ён вымавіў роўна дзесяць гадоў таму, у ліпені 2012 года, будучы прэзідэнтам ЕЦБ: выратаваць еўра «у ва што б там ні стала». Тады Драгі ўдалося выратаваць еўра, а цяпер добрая палова еўрапейскіх краін хоча зрабіць усё для таго, каб выратаваць Драгі. Такія парадоксы нашага жыцця! І гэта сапраўды чорны дзень для Еўропы», – лічыць гішпанскае выданне.
Пасля шэрагу галасаванняў у парламенцкай фракцыі торы вызначыліся кандыдаты ў пераемнікі прэм’ера Борыса Джонсана: гэта былы міністр фінансаў Рышы Сунак і міністр замежных спраў Ліз Трас. Цяпер да верасня партыя вырашыць, хто з іх павінен узначаліць партыю, а значыць, і ўрад. Аглядальнікі не назіраюць кардынальных змен у шэрагах кансерватыўнай партыі.
«Ані Рышы Сунак, ані Ліз Трас не змогуць увасобіць сабой новы пачатак», – наракае брытанская газета The Guardian.
«Абодва выступаюць хутчэй за працяг, чым за адмову ад палітыкі Борыса Джонсана. Калі пераможа Сунак, дык ён будзе першым небелым прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі. Калі верх возьме Трас, то яна стане трэцяй жанчынай-прэм’ерам. У сэнсе разнастайнасці і тое, і іншае было б немалаважным момантам. Але гэтыя факты таксама падкрэсліваюць чыста сімвалічную каштоўнасць падобнага прадстаўніцтва, паколькі абодва кандыдаты нясуць адказнасць за істотныя правалы ўрада ў рашэнні праблемы сістэмнай няроўнасці», – падкрэслівае брытанскае выданне.
Расея спыніла пастаўкі газу ў шматлікія еўрапейскія краіны, а Нямеччына па-ранейшаму занепакоеная аб’ёмамі паставак праз газавод «Паўночны паток-1». На фоне існуючай сітуацыі ў сераду Еўракамісія прадставіла свой план дзеянняў: так, да сакавіка наступнага года дзяржавы-члены ЕЗ павінны на 15 працэнтаў знізіць сваё спажыванне газу, а таксама дапамагаць адна адной у выпадку ўзнікнення недахопу паліва. Французская газета Le Figaro задаецца пытаннем, ці спрацуе сістэма еўрапейскага пераразмеркавання газу ў выпадку яго недахопу.
«Ці змірацца заўтра французы з той сітуацыяй, калі газ, які паступае праз французскія тэрміналы, будзе адпраўляцца на патрэбы нямецкіх прадпрыемстваў, нават калі нам самім яго не будзе хапаць? У публічных дэбатах некаторыя ўжо выказалі сваё меркаванне. Ці не з’яўляецца высокая ўразлівасць кампаніі Deutschland AG вынікам непаслядоўнай і дагматычнай энергетычнай палітыкі? Немцы павінны самі паклапаціцца пра сябе! Падобная аргументацыя ігнаруе нашы ўласныя слабасці і залежнасці. Улічваючы цяперашні стан атамных электрастанцый, Францыя не перажыве гэтай зімы без імпарту электраэнергіі», – папярэджвае французскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: frontnews.eu
Array