Юбілей паэтаў-братоў Дэбішаў
22-га ліпеня берасцейскія паэты-браты Анатоль і Васіль Дэбішы адзначаюць 60-годдзе. Нарадзіліся яны ў 1962 годзе ў вёсцы Шамятоўка Свіслацкага раёна. Абодва скончылі Менскі інстытут культуры. Жывуць і працуюць у Берасці. Хоць хлопцы і блізняты, але вершы ў іх зусім непадобныя.

Анатоль больш засяроджаны, схільны да разгорнутай дэталі, тэма сучаснасці ў яго творах цесна паяднана з нашай гісторыяй.

Васіль — паэт настрою, ён надзвычай чуйны да сучаснасці, да выяў сённяшняга нашага жыцця. І Анатоль, і Васіль у свой час дэбютавалі на старонках «Маладосці».
Васіль – аўтар зборнікаў вершаў «Белыя птахі» (1993), «Лісты да Марыі» (1996), «Праз дождж» (2012), «Чуйнар» (2015) і іншых. Анатоль – аўтар зборнікаў вершаў «Калядная вячэра» (1993), «Стодзівы» (1995), «Зірні ў люстэрка» (2013), «Пушчанскія дзівы», «Белабог» (2018).
Яны з’яўляюцца лаўрэатамі абласной літаратурнай прэміі Берасцейскага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка ў намінацыі «Дзіцячая літаратура» за кнігу «Пушчанскія дзівы» (2019).

Шчыра віншуем паэтаў з юбілеем і жадаем ім здароўя, дабра і творчага натхнення!
Беларускае Радыё Рацыя