Беларускія футбольныя клубы прайгралі ў кваліфікацыі Лігі канферэнцый
Бронзавыя прызёры чэмпіянату Беларусі ў стартавым матчы 2-га кваліфікацыйнага раунда Лігі канферэнцый футбалісты менскага „Дынама” саступілі ізраільскаму „Хапаэлю” 1:2. Ужо на 1-й хвіліне гульні гаспадары адкрылі лік, на 52-й хвіліне падвоілі перавагу, а потым Арцём Канцавы адыграў адзін мяч. Барысаўскі БАТЭ ў турэцкім горадзе Конья прайграў „Коньяспору” з лікам 0:3. На 58-й хвіліне гол забіў польскі нападнік турэцкага клуба Конрад Міхаляк.

„Гомель” пацярпеў буйную паразу ў гасцях у грэчаскага „Арыса” – 1:5. Гульню ў Салоніках уладальнікі Кубка Беларусі пачалі нядрэнна і на 11-й хвіліне выйшлі наперад пасля таго, як бразільскі абаронца грэчаскага клуба Фабіяна зрэзаў мяч у сваю браму. Аднак яшчэ да перапынку гаспадары тройчы засмуцілі брамніка Дзяніса Садоўскага, а ў другой палове дадалі яшчэ два гала. Польскі „Ракаў” разграміў „Астану” 5:0. У складзе казахстанскай каманды Макс Эбонг і Дзяніс Палякоў правялі ўвесь матч, Арцём Рахманаў знаходзіўся ў запасе. Паядынкі ў адказ адбудуцца 28 ліпеня.
Нямеччына абыграла Аўстрыю і выйшла ў паўфінал жаночага Еўра
Зборная Германіі абыграла Аўстрыю 2:0 у матчы 1/4 фіналу жаночага чэмпіянату Еўропы. Галы ў складзе нямецкай каманды забілі паўабаронцы Аляксандра Поп і Ліна Магуль. У паўфінале Германія згуляе супраць пераможцы матча Францыя – Нідэрланды, які адбудзецца заўтра.
Гілмар пераходзіць у менскае „Дынама”
Хакейнае менскае „Дынама” аб’явіла аб падпісанні кантракта з канадскім абаронцам Джонам Гілмарам. На працягу двух мінулых сезонаў канадзец выступаў за маскоўскі ЦСКА, у складзе якога стаў уладальнікам Кубка Гагарына. У рэгулярным чэмпіянаце Гілмар правёў 45 матчаў, дзе набраў 9 балаў, яшчэ 3 ачкі абаронца дадаў у 14 матчах чэмпіёнскага плэй-оф. Усяго на рахунку канадца ў КХЛ 88 сустрэч і 22 балы. Таксама Гілмар мае досвед выступу ў Нацыянальнай хакейнай лізе. З 2017-га па 2019-ы хакеіст згуляў 37 матчаў за „Нью-Йорк Рэйнджэрс” і „Бафала Сэйбрз”, адзначыўшыся 5 (2+3) ачкамі. Акрамя таго, у актыве абаронцы больш за 200 паядынкаў у АХЛ, а таксама тры гульні за зборную Канады.
Шкурдай перамагла на „Гульнях Дружбы” ў Казані
У Казані стартаваў І этап міжнародных спаборніцтваў па плаванні „Гульні Дружбы”, у якіх бяруць удзел беларускія спартоўцы. У першы дзень спаборніцтваў каманда Беларусі заваявала дзве ўзнагароды. На дыстанцыі 200 м на спіне ў дзяўчат перамагла Анастасія Шкурдай, у жаночым фінале на дыстанцыі 50 м брасам трэці вынік паказала Аліна Змушко.
Беларускае Радыё Рацыя