У Наваградку прэзентавалі кнігу Самсона Пярловіча



У Наваградку адбылася прэзентацыя кнігі Самсона Пярловіча “Сэрца замірае ад тугі”. Яе прэзентаваў Сяргей Чыгрын – складальнік выдання і аўтар прадмовы да яе. Кніга нядаўна пабачыла свет ў Менску. Яе склалі творы паэта з Наваградка Самсона Пярловіча (1923-2001), які прайшоў сталінскія лагеры, вярнуўся на Бацькаўшчыну, жыў і працаваў у Наваградку.

Сяргей Чыгрын распавёў прысутным пра само выданне, пра асобныя моманты з жыцця Самсона Пярловіча, падараваў кнігі тым, хто напісаў успаміны пра паэта, якія ўвайшлі ў выданне.

Падчас прэзентацыі выступіла былая супрацоўніца Наваградскага гісторыка-краязнаўчага музея Галіна Кавальчук. Яна распавядала пра рукапісы твораў паэта, якія захоўваюцца ў музеі і якія перадала дачка Самсона Георгіевіча. Вядома, што дачка паэта жыве ў Літве, але пакуль яе адшукаць не ўдалося.

Паэтка Святлана Абдулаева ўспомніла пра Самсона Пярловіча, расказала пра яго сямейнае жыццё ў Наваградку, пра шчырыя гутаркі з ім у апошнія гады жыцця.

Самсона Пярловіча падчас сустрэчы і прэзентацыі кнігі шчырымі словамі ўспаміналі іншыя землякі. У наступным годзе спаўняецца 100 гадоў з ягонага дня нараджэння.

Беларускае Радыё Рацыя