Сатырык Мечыслаў Курыловіч распавёў, адкуль чэрпае натхненне
Раніца новага тыдня даруе стрыманую надзею на добрае. Госць Рацыі – літаратар, перакладчык – Мечыслаў Курыловіч.

Чалавек, які сатырычнымі вершамі падымае настрой, ды ацаляе чытача гумарам. З ім гутарыць наш карэспандэнт Якуб Сушынскі.
РР: Асобна ўзятаму чалавеку цяжка перажыць некаторыя драматычныя моманты, і ў гэтым яму заўсёды дапамагае сатыра і гумар. Які Ваш гумар?
– Гумар заўсёды добра ўспрымаецца. Але гумар трэба яшчэ зразумець і знайсці аўтара. Гэта як мёд: пчала лятае, але трэба каб яшчэ нехта знайшоў гэтую пчолку, і напісаў пра яе. Дык пра гумар: Я даўно ўжо сустрэўся з кнігай Губермана, які пісаў на расейскай мове, і пераклаў добрую яго частку, хапіла на кнігу. Мне ў яго творчасці спадабаліся некаторыя гумарыстычныя радкі – яны як бы і пра мяне, і пра нас, і пра ўсіх, можна сказаць. Напрыклад: «З чужых ідэяў выхаванне я атрымаў, бо быў ляўша. І думкі іх у добрым стане пераліцоўваю спярша. Я з роду магчыма жыд. І дух мой, што поўніцца рэкамі застаўся тутэйшым, з багемных надзей, хаця і абрэзаны некалі…». Вось такія радкі яшчэ: «З аптымізмам кішэняй я хлопаю, бы надзею з замежнай мамонаю, з аптымізму народ складаецца опіум, што народжаны ўласнай персонаю».
РР: Як Вы працуеце для напісання Вашых сатырычных і гумарыстычных твораў? Што з’яўляецца крыніцай натхнення і абʼектамі, пра якія пішаце?
– Усё значна прасцей. Уе гэтыя тэмы: і сатырычныя, і гумарыстычныя, яны нам трактуюцца нашым жыццём. І калі я жыў у дзяцінстве ў вёсцы, там было вельмі многа цікавых людзей, якія заўсёды жартавалі самай настаяшчай беларускай мовай, такой нашай сялянскай. І столькі там было гэтага гумару, што там нічога не трэба было перарабляць. Проста памятаць гэтыя прыказкі і перакласці іх у вершаваную форму, гэта было вельмі проста. Гумар заўсёды павінен быць добры, не абразлівы. Нават сатыра – павінна найперш быць справядлівай і не абразлівай. Але павінна быць вострай, каб задзявала за нашыя найбольш пачуццёвыя ворганы, каб аддавала нейкую аддачу. Каб чалавек, прачытаўшы сатырычны твор пачынаў думаць, што трэба нешта выпраўляць у гэтым свеце, што ўсё гэта не так робіцца. Каб людзі больш смяяліся а не плакалі. Таму што смех – гэта здароўе, і найперш трэба быць з гумарам і надзеяй на лепшае.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя