„Мяшкоў Брэст” згуляе таварыскія матчы з „Кронанам” і астраханскім „Дынама”
Гандбольны клуб „Мяшкоў Брэст” паведаміў у сваіх сацыяльных сетках, што адправіўся на перадсезонную падрыхтоўку ў Астравец. У праграме збору двухразовыя трэніроўкі і тэсты на цягавітасць сумесна з гомельскай Навукова-даследчай лабараторыяй алімпійскіх відаў спорту. Таксама ў аўторак, 2 жніўня, клуб правядзе таварыскі матч з гарадзенскім „Кронанам”. Пасля чаго склад вернецца ў Брэст, дзе 6-8 жніўня згуляе з астраханскім „Дынама”. Нагадаю, 22 ліпеня, Федэрацыі гандбола Расіі і Беларусі падпісалі пагадненне з СЕХА-лігай. Плануецца, што ад кожнай краіны ў новым турніры прымуць удзел па чатыры лепшыя клубы нацыянальных чэмпіянатаў. „Мяшкоў Брэст” будзе выступаць у дывізіёне Усход.

Худайзода папоўніў склад брэсцкага „Дынама”
Футбольныя клубы „Дынама-Брэст” і „Дынама2” (Душанбэ) дасягнулі дамоўленасці аб трансферы нападніка Абдулфатохі Худайдодзоды. Гулец падпісаў кантракт на 1,5 гады з опцыяй падаўжэння яшчэ на адзін год, паведамляецца на афіцыйным сайце каманды з горада над Бугам. У бягучым годзе навічок „Дынама-Брэст” забіў дзевяць мячоў у сямі матчах за сваю папярэднюю каманду, што дало магчымасць скончыць першы круг першай лігі чэмпіянату Таджыкістана на трэцім месцы. У мінулым сезоне форвард быў яшчэ больш выніковым і за 17 гульняў забіў 24 мячы, аддаўшы пры гэтым 10 галявых перадач. Худойдодзода рэгулярна выклікаўся ў зборныя сваёй краіны розных узростаў. Цяпер ён з’яўляецца гульцом маладзёжнай зборнай Таджыкістана. Напярэдадні 18-гадовы форвард прыняў удзел у таварыскім матчы супраць „Стэнлеса”, які завяршыўся перамогай „сіне-белых” з лікам 5:2. За 45 хвілін, што футбаліст правёў на полі, яму ўдалося аддаць галявую перадачу, дзякуючы якой першы мяч забіў Уладзіслаў Сугак. А вось форвард Яўген Козел наадварот пакінуў размяшчэнне „Дынама-Брэст”. Гулец, правы на якога належаць „Шахцёру”, выступаў за берасцейцаў на правах арэнды. Яўген далучыўся да каманды з Берасця ў студзені падчас перадсезоннай падрыхтоўкі. З таго часу на яго рахунку 14 матчаў ва ўсіх турнірах і адна галявая перадача, якую ён аддаў у нічыйным матчы восьмага тура Вышэйшай лігі чэмпіянату краіны супраць „Белшыны”.
Ужо амаль 7 гадоў брамнікі беларускіх клубаў не могуць адбіць пенальці ў еўракубкавых паядынках.
Несуцяшальная серыя працягнулася пасля матча 2-га кваліфікацыйнага раунда Лігі канферэнцый, у якім „Гомель” менавіта з 11-метровага прапусціў мяч ад грэчаскага „Арыса”. А прабіта ўжо, між іншым, 18 “кропак”. Апошнім брамнікам, хто выйграваў дуэль у пенальтыстаў, быў Аляксандр Гутар 10 снежня 2015 года ў Лізе Еўропы ён адбіў пенальці ў гульні з венскім „Рапідам”.
„Арсенал” хоча арандаваць паўабаронцу „Ювентуса”
„Арсенал” хоча арандаваць паўабаронцу „Ювентуса” Артура Мэла. Бакі ўжо вядуць перамовы, паведамляе Daily Mail. Клубы абмяркоўваюць арэнду 25-гадовага гульца з опцыяй або абавязацельствам выкупу. Зімой Артур ужо мог апынуцца ў „Арсенале”, аднак лонданцы так і не ўзгаднілі з „Ювентусам” умовы арэнды з правам выкупу. Артур правёў за „Ювентус” у серыі „А” 20 матчаў і не вызначыўся выніковымі дзеяннямі.
Данііл Ільін заключыў пробны кантракт з мінскім „Дынама”
Мінскае „Дынама” падпісала пробны кантракт з Даніілам Ільіным. „Мінулы сезон 27-гадовы нападнік правёў у „Адмірале” і „Сочы”. Сумарна згуляў у 20 матчах „рэгуляркі” і набраў 2 (0+2) ачкі. Таксама выступаў за „Трактар”, „Тарпеда” і „Югру”. Разам з „Чайкай”, маладзёжнай камандай з Ніжняга Ноўгарада, станавіўся ўладальнікам Кубка Харламава вясной 2015. Усяго ў КХЛ: 266 гульняў, 71 (27+44) ачко. Поспехаў, Данііл!” — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы „зуброў”.
Авечкін не ўвайшоў у топ-10 форвардаў для фэнтэзі-лігі па версіі сайта НХЛ
Сайт Нацыянальнай хакейнай лігі выклаў рэйтынг нападнікаў, якія могуць прынесці найбольшую карысць у фэнтэзі-лігах у маючым адбыцца сезоне. Узначаліў гэты спіс нападнік „Эдмантана” Конар Макдэвід. Другім стаў яго партнёр па камандзе Леон Драйзайтль. Тройку замкнуў лепшы снайпер мінулага сезона, нападнік „Таронта” Астан Мэцьюс. Капітан „Вашынгтона” Аляксандр Авечкін заняў толькі 11-е месца. На радок вышэй за яго апынуўся капітан „Піцбурга” Сідні Кросбі.
Унікальны чэмпіёнскі пояс Мухамеда Алі прадалі на аўкцыёне
Трафей WBC, які належаў легендарнаму баксёру Мухамеду Алі, пайшоў з малатка. Невядомы пакуль пакупнік выклаў за чэмпіёнскі пояс 6,18 млн даляраў. Менавіта гэты пояс Алі атрымаў у знакамітым паядынку „Грукат у джунглях” супраць Джорджа Формана ў 1974 годзе, які адбыўся ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Алімпійскі чэмпіён Рыма-1960 тады накаўтаваў суперніка, які быў маладзейшы за яго на сем гадоў у восьмым раундзе. Пасля таго бою да Алі канчаткова прыляпілася выдуманая ім жа мянушка „найвялікшы”. Ён дзесяць разоў паспяхова абараняў пояс WBC, пакуль у 1978 годзе не прайграў Леону Спінксу.
Беларускае Радыё Рацыя