„Купалінку” на канцэрце спявалі разам
Гурт “Znak Stop”, Андрусь Такінданг ды Аквалерыя зладзілі сумесны канцэрт у Варшаве. Музыкі парадавалі гасцей клубу не толькі ўласнай творчасцю, але і сумесным спевам добра вядомай кампазіцыі “Купалінка”.

“Такі выступ стаў для нас ужо не першым сумесным”, – распавядаюць удзельнікі дуэту “Znak Stop”, ініцыятары канцэрту Андрэй Лугін і Алёна Палачанская.
Андрэй Лугін: Петр Дудановіч запрасіў нас на фэст, які называецца «Прыкупалле». Яны рабілі спробу аднавіць фэст, які ў мінулым годзе распачалі. Дастаткова крэатыўна пачалося. Цікавая атмасфера на прыродзе – на беразе ракі Нараў. Гралі мы, Андрусь Такінданг, і весяліліся, была такая супольная забава.
РР: Сёння вы разам выконваеце кампазіцыю «Купалінка».
Алёна Палачанская: Гэтую кампазіцыю спачатку выканае Валерыя ў такім аўтэнтычным гучанні, І мы вырашылі, што гэтая песня вельмі вядомая, і людзі заспяваюць разам з намі.
Гэтак жа, разам, публіка заспявала і кампазіцыю “У сэрцы свабода”, якую “Znak Stop” стварыў падчас пратэстаў у Беларусі.




Радыё “Рацыя” выступіла інфармацыйным партнёрам канцэрту.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя