Facebook-старонку палітвязня Ігара Ледніка прызналі „экстрэмісцкай”
Праваабаронцы даведаліся, што 18 ліпеня суд Барысаўскага раёна прызнаў інфармацыйную прадукцыю Facebook-старонкі барысаўскага сябра БСДП Ігара Ледніка „экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

Ігар Леднік знаходзіцца за кратамі ўжо больш за тры месяцы — яго затрымалі ў межах арт. 367 КК „Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі”. Зняволены мае інваліднасць 2-й групы праз праблемы з сэрцам.
У чэрвені 2022 года адвакатка паведаміла, што стан здароўя палітвязня пагоршыўся, Ігар знаходзіўся ў санчастцы следчага ізалятара ў ляжачым стане. У ліпені стала вядома, што актывісту зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце. Ігар Леднік ідзе на папраўку, ужо ходзіць самастойна.