Агляд прэсы: звыклы кампраміс



Сярэднявечная гісторыя выклікае крызіс ідэнтычнасці ў Літве і Беларусі. Надзвычайны план па газе: ці перажыве ЕЗ гэтую зіму? Лаўроў і Макрон: хто перацягне Афрыку на свой бок? Папа Рымскі прынёс прабачэнні карэнным народам Канады. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Вялікае Княства Літоўскае было касмапалітычнай, шматэтнічнай, шматмоўнай дзяржавай, якая распасціралася на ўчастках Балтыі і Усходняй Еўропы, уключаючы сучасныя Літву, Беларусь і частку Польшчы, Латвіі, Украіны, Малдовы і Расеі. Урады перапісваюць гісторыю дзеля дасягнення сваіх палітычных мэтаў. Літва, хоць і маленькая ў параўнанні з Вялікім Княствам Літоўскім, лічыць сябе захавальніцай гістарычнай спадчыны ВКЛ. Міжнароднае выданне Coda Story факусуецца на тым, як рэжым у Беларусі выкарыстоўвае сваё бачанне гісторыі ВКЛ у палітычнай сферы. 

«Некаторыя літоўцы канкурэтна ўспрымаюць выяву беларускай Пагоні на сцягу і сувенірах. У 2013 годзе Міністэрства нацыянальнай абароны Літвы абвясціла спробы прысвоіць сярэднявечных князёў ВКЛ беларусамі як прыклад інфармацыйнай вайны. Літоўскі ўрад першапачаткова заняў менш рэзкі тон у сваёй рэакцыі на рост зацікаўленасці Беларусі ў вяртанні сваёй агульнай сярэднявечнай гісторыі. Бо менавіта празаходняя беларуская апазіцыя выкарыстоўвала сімволіку дасавецкай гісторыі і культуры і карысталася падтрымкай Літвы. Але гэта талерантнае стаўленне змянілася, калі «літоўскую» сімволіку пачаў выкарыстоўваць рэжым беларускага аўтакрата Аляксандра Лукашэнкі. У 2012 годзе Беларусь падтрымала пастаноўку балета ў гонар вялікага князя Вітаўта, які кіраваў Вялікім Княствам Літоўскім амаль 40 гадоў з канца XIV стагоддзя. Аднак Беларусь, у адрозненьне ад Літвы, не ўнесла ў свой афіцыйны каляндар памятных дзён, звязаных з Вялікім Княствам,  дзяржава не спрыяе ідэнтыфікацыі з гэтым перыядам. Хаця Лукашэнка грэўся на сярэднявечных вобразах як сродках адрознення Беларусі ад Расеі. Гэта прыпалала на 2000-ыя, калі Беларусь баялася быць зноў паглынутай Расеяй, а таксама хацела скарыстацца магчымасцямі, якія прапанавала «палітыка добрасуседства» Еўрапейскага звязу, закліканая спрыяць больш цесным эканамічным сувязям на поўдні і ўсходзе і каталізацыі ўзаемаразвіцця. 

Паколькі Лукашэнка ўсё бліжэй набліжаецца да Пуціна – блізкасць, якая ўзмацнілася збольшага ў выніку параноі Лукашэнкі пасля пратэстаў і завяршылася яго цвёрдай падтрымкай расейскай агрэсіі ва Украіне – магчыма, зноў прыйшоў час, калі ён будзе афіцыйна памяншаць ці ўвогуле ігнараваць сярэднявечныя сувязі Беларусі як з Літвой, так і з Польшчай, не кажучы ўжо пра Украіну», – прагназуе мінароднае выданне.

Пасля перамоваў, якія працягнуліся каля тыдня, міністры энергетыкі краін ЕЗ дамовіліся аб прыняцці надзвычайнага плана па газе на зіму. Паколькі ў адказ на ўведзеныя санкцыі Расея рэзка знізіла аб’ёмы паставак газу, ЕЗ чакае, што справа дойдзе да сур’ёзных перабояў у пастаўках, і найперш гэта тычыцца Германіі. У пачатку перамоваў ставілася мэта знізіць спажыванне газу на 15 адсоткаў, аднак у выніку было зроблена мноства выключэнняў. Нараўне з іншымі фактарамі гэтая акалічнасць выклікае ў аглядальнікаў немалы скепсіс.

«Гэты план наўрад ці вырашыць газавую праблему, калі такая стане рэальнасцю», – мяркуе брытанскі часопіс The Economist.

«Гэта – тыповы кампраміс у стылі ЕЗ, выгандляваны падчас доўгіх перамоваў і нашпігаваны масай выключэнняў і саступак. Такім чынам, міністры энергетыкі краін ЕЗ толькі адкладваюць праблему ў доўгую скрыню. І сапраўды: дасягненне заяўленай мэты – эканоміі ў 15 адсоткаў – справа добраахвотная. А выключэнняў зроблена мноства: для краін, не падключаных наўпрост да еўрапейскай сеткі трубаправодаў, для краін, якія ўжо скарацілі сваё спажыванне газу, для краін, якім газ неабходны для вытворчасці ўгнаенняў, і гэтак далей і да таго падобнае. Калі наступная зіма будзе не надта халоднай, то тады ЕЗ, магчыма, і пратрымаецца з выкарыстаннем гэтай стратэгіі. Аднак калі зіма выдасца марознай, то ў гэтым выпадку краінам супольнасці давядзецца даказаць, што яны ў стане згуртавацца ў цяжкія часы», – папярэджвае брытанскае выданне.

Міністр замежных спраў РФ Лаўроў нанёс візіты ў Егіпет, Эфіопію, Уганду і Рэспубліку Конга. Там ён прасоўваў тэзу пра тое, што віна за харчовы крызіс, які ўзнік на фоне вайны ва Украіне, ляжыць на Захадзе. Прэзідэнт Францыі Макрон накіраваўся ў Камерун, Бенін і Гвінею-Бісаў, каб умацаваць сувязі паміж Францыяй і афрыканскім кантынентам. Каму ж атрымаецца заслупаваць за сабой вядучую ролю ў Афрыцы? «Захад саступае ініцыятыву Расеі», – наракае італьянская газета La Repubblica.

«Праводзячы сваю кампанію ў Афрыцы, Лаўроў мае пад нагамі добрую глебу. У ходзе галасавання ў ААН па праекце рэзалюцыі, якая асуджае ўварванне ва Украіну, 25 афрыканскіх краін устрымаліся. Рэакцыя «калектыўнага Захаду» адбываецца павольна і са спазненнем. Цяпер Макрон накіраваўся ў Заходнюю Афрыку, а надзвычайны ўпаўнаважаны ЗША па справах Афрыканскага Рога Майк Хамер – у Егіпет і Эфіопію. Не выключаецца рызыка таго, што ім застануцца толькі рэшткі ў параўнанні з пастаўкамі збожжа, абяцанымі Лаўровым. Рэха ад удараў расейскіх ракет па сховішчах у Адэсе, нанесеных адразу пасля заключэння пагаднення ў Стамбуле, да Афрыкі не дакацілася», – з горыччу адзначае італьянскае выданне.

Папа Рымскі Францішак папрасіў прабачэння ў карэнных народаў Канады за жорсткае абыходжанне з дзецьмі ў каталіцкіх школах-інтэрнатах. Яшчэ ў 2008 годзе канадскі ўрад прызнаў, што ў гэтых школах-інтэрнатах на працягу многіх дзесяцігоддзяў мелі месца факты фізічнага і сэксуальнага гвалту над выхаванцамі. У 2021 годзе Папа Рымскі паабяцаў выплаціць карэнным абшчынам кампенсацыі на суму каля 14 мільярдаў еўра. Нямецкая газета Frankfurter Rundschau крытыкуе той факт, што Папа Францішак, роўна як і яго папярэднікі, абмежаваўся клішаванай фразай аб прызнанні фактаў злачынстваў толькі з боку «царкоўнай браціі», але не царквы як інстытута.

«Як быццам умовы ў каталіцкіх інтэрнатах перавыхавання і адносіны інтэрнатаў з дзяржавай не былі справай самой царквы. Як інстытут яна была не там, дзе павінна была быць, а менавіта – на баку слабых. Замест гэтага царква вяршыла адну справу з моцнымі свету гэтага. Непераканаўчыя спробы рэлятываваць падзеі, прыводзячы аргументы ў духу «час быў такі». Здзекавацца над дзецьмі, здзяйсняць у іх адносіне сэксуальны гвалт, марыць іх голадам – нічога з гэтага царкоўныя айцы ніколі не павінны былі б рабіць  ці ўхваляць, калі, вядома, яны сур’ёзна ўспрымаюць пасланне царквы», – адзначае нямецкае выданне.

Падрыхтавала Вольга Сямашка для Беларускае Радыё Рацыя

Array