Дзяўчыну аштрафавалі за рэпост 2018 года аб смерці Міхала Анемпадыстава
Суд Наваполацка аштрафаваў мясцовую жыхарку на 25 базавых велічыняў (800 рублёў) за рэпост, зроблены ў 2018 годзе, паведамляе „Віцебская Вясна”. Ад арышту яе выратавала наяўнасць маленькага дзіця.

Кацярыну Вінакураву прызналі вінаватай па артыкуле 19.11 КаАП за рэпост артыкула аб смерці паэта і мастака Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця ў 2018 годзе. Пра гэта шырока паведамлялася ў прэсе, і Кацярына перапосьціла матэрыял аднаго са старэйшых беларускіх выданняў, якое праз некалькі гадоў было прызнана экстрэмісцкім.
Па словах Кацярыны, 11 ліпеня да яе дадому прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і запатрабавалі, каб разам з імі яна паехала ў аддзяленне міліцыі для складання пратакола аб распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў. Кацярына адмовілася, паколькі ў яе грудное дзіця. «Вартаваць» яе пакінулі аднаго міліцыянта, а астатнія паехалі на працу, каб прывезці паперы. У выніку суд прызнаў яе вінаватай і прызначыў штраф.