Паўтара года калоніі за каментар пад відэа аб затрыманні Зэльцэра



Паўтара года калоніі агульнага рэжыму без штрафу за каментар пад відэа аб затрыманні Зэльцэра. Такое рашэнне вынесла старшыня Бярозаўскага суда Наталля Вакульчык па крымінальнай справе інсуліназалежнага інваліда з Белаазёрску Віктара Хлябца.

Вызваная ў суд дзяржаўны судовы эксперт аддзела кампутарных сродкаў са стажам філолага 1,5 года Паліна Зінавенка заявіла, што выраз «мусора задумаются, тем более гэб´ё, минус один мусор» з´яўляецца абразлівым як для групы асоб па прафесійнаму прызнаку, так і для адной асобы. Такога вываду чакаў дзяржабвінаваўца. Бо ў ранейшых пісьмовых заключэннях Зінавенкавай гаварылася толькі пра групу асоб:

Каментары разглядаюцца выключна разам з зыходным тэкстам. Адпаведна ў дадзеным каментары ёсць негатыўная ацэнка асобы, які абазначаны як супрацоўнік КДБ. Трэба маркераваць гэтую лексіку як жаргонную, крымінальную, слэнгавую. Дадзеная лексіка можа быць забаронена для ўжывання ў пэўных сферах камунікацыі.

Паводле адваката Паўла Алесіка, у любым выпадку ў гэтым каментары няма складу злачынства і справу трэба закрыць, а абвінавачанага адпусціць у зале суда. Але нечакана для ўсіх Віктар Хлябец віну прызнаў, хаця на папярэднім судовым паседжанні адмаўляўся катэгарычна.

Беларускае Радыё Рацыя