2 гады «дамашняй хіміі» за каментар пад відэа затрымання Зэльцэра



39-гадовая шматдзетная маці Хрысціна Чайчыц з Белаазёрску за каментар пад відэа затрымання Зэльцэра пакарана 2 гадамі «дамашняй» хіміі, штрафам у 50 базавых і канфіскацыяй тэлефона, які ўспрымаецца з 2020 года як зброя.

Суддзя суда Бярозаўскага раёна Алена Нямкова, дзяржабвінаваўца Бярозаўскай пракуратуры Навіцкая і судовы эксперт аддзела кампутарных сродкаў Паліна Зінавенка убачылі ў слове «тварюгі», скіраваным на адрас сілавых структур абразу не толькі ўсім спецслужбам, на чым настойвала Чайчыц, але і асабіста загінуламу Зэльцэру, кажа дзяржаўны абвінаваўца Навіцкая:

Інфармацыя, якая ўтрымлівалася ў тэлеграм-чаце, у закрытай групе пад відэзапісам, мела інфармацыю аб забойстве супрацоўніка КДБ. Гэты каментар датычыўся менавіта да ключавой фігуры на відэа, як раз той асобы, якая загінула падчас выкананння службовых абавязкаў.

Паводле праваабаронцаў, каментар Хрысціны Чайчыц – гэта рэакцыя нармальнага чалавека на дзікае ўварванне ў прыватную кватэру людзей у чорным, якія, як аказалася пазней, былі супрацоўнікамі КДБ. Непрафесіянальныя паводзіны і ўседазволенасць супрацоўнікаў КДБ выклікалі і будуць выклікаць негатыўныя адносіны грамадзян да беларускіх спецслужбаў. І ніякім застрашваннем праз суды яны гэтага не спыняць.

Беларускае Радыё Рацыя