Віцебская журналістка Таццяна Мацвеева на волі
Былая журналістка партала TUT.ВY Таццяна Мацвеева, затрыманая на днях у Віцебску, знаходзіцца на волі. Пра гэта паведаміў у Facebook яе муж Ігар Мацвееў.

«Таццяна дома! Усім дзякуй за падтрымку», – напісаў ён.
Таццяна была затрымана 29 ліпеня на вакзале пасля вяртання з камандзіроўкі. Па папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, гаворка ішла аб артыкуле 23.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў») з-за аватарак у сацсетках. Перад гэтым ёй тэлефанавалі з міліцыі з прапановай „прыйсці на размову”.
Мінулы раз Таццяну Мацвееву выклікалі ў міліцыю каля месяца таму. Тады гэта было звязана з прызнаннем ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» экстрэмісцкай арганізацыяй. Па інфармацыі праваабаронцаў, міліцыянты цягам двух гадзінаў высвятлялі ў Таццяны, ці не супрацоўнічае яна з «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ».