Агляд прэсы: гадавіна Варшаўскага паўстання
Традыцыі барацьбы за вольную Польшчу і дапамога Украіне – прамова Анджэя Дуды да гадавіны Варшаўскага паўстання. Напружанасць паміж Сербіяй і Косава расце. Еўрапейскі кантынент чакае трывожная энергетычная будучыня, прагназуе эксперт. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Антона Разумоўскага.

Варшаўскія паўстанцы выхавалі наступныя пакаленні, якія сёння дапамагаюць вайскоўцам ва Украіне, адзначыў напярэдадні прэзідэнт Анджэй Дуда ў сваёй нядзельнай прамове з нагоды 78-й гадавіны Варшаўскага паўстання, піша Польскае агенства друку (PAP). Ён таксама сказаў, што вольная Польшча «ўзнікла з іх крыві». З нагоды 78-й гадавіны пачатку Варшаўскага паўстання ў панядзелак перад помнікам Варшаўскім паўстанцам на плошчы Красіньскіх адбылася палявая імша і быў зачытаны Зварот памяці. У цырымоніі ўзялі ўдзел паўстанцы, прадстаўнікі дзяржаўных і мясцовых уладаў, жыхары Варшавы. З прамовай выступіў прэзідэнт Анджэй Дуда. Па яго словах, «гэта вельмі асаблівае месца». – Менавіта там, дзе збіраемся кожны год у гэты вечар, напярэдадні гадавіны Варшаўскага паўстання, каб маліцца, каб аддаць даніну памяці варшаўскім паўстанцам, – сказаў ён. Прэзыдэнт нагадаў, што польская дзяржава сваімі велізарнымі сіламі, а можа, нават і звыш сваіх сіл, дапамагае цяпер тым, хто ваюе ва Украіне, разумеючы, што так павінна быць і што так трэба рабіць, – працягнуў Дуда.
Па словах прэзідэнта, «на пытанне, чым насамрэч з’яўляецца Варшаўскае паўстанне для палякаў, як яны яго ацэньваюць і як на яго глядзяць, адказ знаходзіць кожны год у Варшаве, у гэтыя дні».
Палякі ганарацца, як ён працягнуў, вялікай традыцыяй барацьбы за вольную Польшчу.
Напружанасць паміж Сербіяй і Косава расце, піша Gazeta Wyborcza. У інтэрнэце з’явілася трывожная, але таксама непацверджаная інфармацыя пра пажары на мяжы канфліктуючых паміж сабой краін. Сербы абверглі некаторыя з гэтых паведамленняў. А прэм’ер-міністр Косава заявіў, што бліжэйшыя дні могуць быць складанымі.
З заявай на гэты конт таксама выступіла МУС Сербіі. «З-за вялікай колькасці дэзінфармацыі, якую ўлады Прышціны наўмысна распаўсюджваюць праз фальшывыя акаўнты ў сацыяльных сетках і вэб-сайтах, Міністэрства абароны паведамляе, што сербскае войска яшчэ не перасякала адміністрацыйную мяжу і ніякім чынам не ўваходзіла ў Косава», — чытаем ў заяве.
Позна ўвечары паліцыя Косава паведаміла, што ў некалькіх месцах на поўначы краіны былі абстраляныя патрулі. Ніхто не пацярпеў. «Грамадзяне таксама паведамлялі аб выпадках затрымання і жорсткага абыходжання з грамадзянамі Албаніі», — гаворыцца ў заяве.
У 2008 годзе Рэспубліка Косава, якая мела на той момант статус аўтаномнага рэгіёну ў складзе Сербіі, аб’явіла аб незалежнасці. Суверэнітэт Косава прызналі 22 з 27 краін Еўразвяза, а таксама ЗША і Вялікабрытанія. У той жа час, паводле Канстытуцыі Сербіі, Косава ўсё яшчэ з’яўляецца яе часткай. Акрамя таго, Косава па-ранейшаму не ўступіла ў ААН з-за вета Кітая і Расеі. Хаця рэгулярныя ваенныя дзеянні на тэрыторыі Косава не вядуцца, Бялград і Прышціна ўсё яшчэ не дасягнулі мірнага пагаднення.
Расія вядзе жорсткую гульню з пастаўкамі газу ў Еўропу і таму кантынент чакае трывожная энергетычная будучыня. Але бяда ідзе не толькі на Еўропу. Ужо некалькі месяцаў зааблочныя кошты на нафту і газ сеюць хаос па ўсім свеце, а эксперты папярэджваюць, што святла ў канцы тунэлю не відаць, бо канфлікт на Украіне працягваецца, піша The Foreign Policy.
З-за недахопу паліва і адключэнняў электраэнергіі імпартазалежныя краіны свету ад Эквадора да Паўднёвай Афрыкі сутыкаюцца з эканамічнай блытанінай, а іх урады адчайна шукаюць выйсце з сітуацыі. На Шры-Ланцы, якая пакутуе ад цэлай серыі крызісаў, узнік востры дэфіцыт і доўгія чэргі. Гэта прымусіла ўрад аддаць распараджэнне насельніцтву працаваць дома. Пакістан пайшоў на скарачэнне працоўнага тыдня, каб аслабіць нагрузку, якая ўзнікла з-за працяглых адключэнняў электраэнергіі. А Панаму скалынаюць дэманстрацыі, распачатыя ў сувязі з рэзкім ростам коштаў.
„перажываем першы глабальны энергетычны крызіс”, – сказаў эксперт па энергетыцы з Калумбійскага універсітэта Джэйсан Бордаф. Ён зазначыў, што дэфіцыт ударыў амаль па ўсіх рэгіёнах свету і па крыніцах энергіі. „Хвалевы эфект назіраецца паўсюль, і як мне здаецца, горшае яшчэ наперадзе”, – дадаў Бордаф. Рынкі адчувалі сур’ёзны недахоп яшчэ да пачатку расейскай ваеннай аперацыі на Украіне. Гэта вынік спалучэння цэлага шэрагу фактараў: пандэміі, запаволення паставак у ланцужках забеспячэння і кліматычных узрушэнняў. Сітуацыю пагоршыла скарачэнне газавага экспарту з Расеі, з-за чаго Еўропа была вымушана шукаць энергарэсурсы ў іншых месцах. Гэта яшчэ больш узняло кошты на сусветных рынках. Цяпер алею ў агонь падлівае экстрэмальная спякота, выкліканая кліматычнымі зменамі, і ўзніклыя праблемы толькі ўзмацняюцца.
Беларускае Радыё Рацыя
Array