Сяргей Высоцкі: Мы перажываем крытычны час для беларускай дзяржаўнасці



Бамбаванне расейцамі тэрыторыі Украіны з тэрыторыі Беларусі паказвае пра няздольнасць кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ажыццяўляць кантроль за краінай.

Наш карэспандэнт Якуб Сушчынскі пагутарыў з „Госцем Рацыі” – беларускім палітыкам і публіцыстам Сяргеем Высоцкім пра магчымасці Беларусі абараніць незалежнасць:

Мы перажываем вельмі крытычны час, крытычны час для беларускай дзяржаўнасці. Паводле майго меркавання – гэта пераходны час. Атрымаўшы ўдары па незалежнасці, стаўшы дзяржавай з абмежаваным суверэнітэтам Беларусь або будзе цалкам паглынутая імперыяй, альбо верне сваю самастойнасць, калі беларускае грамадства, беларуская нацыя здолее скансалідавацца і выйсці з-пад гэтай страшнай залежнасці цалкам вярнуўшы свой суверэнітэт. Сітуацыя выключна складаная, да гэтай сітуацыі Масква ішла доўга, яны рыхтаваліся, яны вялі сістэмную працу. Я на днях перачытаў дакументы, якія пісалі Арсен Сівіцкі і Юрый Царык у 2017-2018 гадах. Там былі розныя, адзін з іх памятаю, планы Расейскай Федэрацыі па дэстабілізацыі становішча ў Беларусі ў 2019-2020 гадах і пераўтварэнне незалежнай Беларусі ў шэрую зону. Я памятаю артыкулы, напрацоўкі іншых людзей, у тым ліку не сціпла сказаць мае, прафесара Астроўскага. Усё спраўдзілася калі не на 100%, то на 90%. Можна па кожнаму кроку чыста тэхналагічна ўсё гэта ўзгадваць, разбіраць. Аднак гаворка не пра тое, гаворка ў кантэксце, што тое, што зараз робіць Масква датычна Беларусі, канешне гэта злачынства, гэта страшэнная крывавая правакацыя. Пуцін гуляе крывавымі фігуркамі ў крывавым полі. На што трэба звяртаць увагу? Зараз ідуць самыя жорсткія баі, вельмі жорсткія, там кожны дзень гінуць сотні жаўнераў з абодвух бакоў – пад Херсонам, на Данеччыне. Расея перакідвае ракеты, самалёты, бомбы сюды ў Беларусь, каб біць па ўкраінскіх гарадах, па мірных украінскіх грамадзянах. Падаецца, што гэта дурата, але насамрэч гэта дэманструе мяжу таго, да якой ступені Масква хоча ўцягнуць беларускае войска і Беларусь у гэту вайну. Для Пуціна важна стравіць беларусаў і ўкраінцаў, для імперыі гэта з’яўляецца ключавой задачай у гэтай вайне.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Беларускае Радыё Рацыя

Array