75 гадоў з дня нараджэння Віктара Маркаўца

Беларускі мастак-жывапісец, удзельнік дысідэнцкага руху, ілюстратар Віктар Маркавец нарадзіўся ў Докшыцах 5 жніўня 1947 года. У 1971 годзе Віктар Маркавец скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў творчай майстэрні ў жывапісца Івана Ахрэмчыка. Як мастак працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Быў удзельнікам шматлікіх мастацкіх выставак, пачынаючы з 1971 года, сябрам Беларускага саюзу мастакоў з 1977 года. У 1980 годзе быў узнагароджаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. У сваім мастацкім светаглядзе зазнаў моцны ўплыў Язэпа Драздовіча.
Віктар Маркавец разам з Яўгенам Куліком, Лявонам Баразном, Аляксеем Марачкіным, Зянонам Пазьняком, Міхасём Чарняўскім ды іншымі творчымі асобамі браў удзел у дысідэнцкай групе беларускай інтэлігенцыі «На Паддашку». Суполка дзеіла ў 1966-1985 гадах. У 1980-ыя гады савецкія ўлады рэпрэсавалі бальшыню сябраў асяродка, у тым ліку праз звальненні з працы і ўзмацненне цэнзуры. Нягледзячы на гэта, асяродак працягваў культурніцка-асветніцкую дзейнасць: ладзіліся выставы, сустрэчы, дыскусіі. Пазней Маркавец належаў да незалежнай суполкі мастакоў «Пагоня». У 1989-90 гадах у творчай майстэрні Віктара Пятровіча ў старым горадзе на вуліцы Дзімітрава, прайшла бальшыня паседжанняў Сойма Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».
Творчасць Віктара Маркаўца вылучаецца адзінствам кампазіцыйнага і колеравага вырашэння і строгай акрэсленасцю малюнка. Мастак рэканструяваў партрэты знаных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры – Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і яго дачкі Камілы, бацькоў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Стварыў цэлую серыю працаў, прысвечаных Кастусю Каліноўскаму.
З 1992 года Маркавец плённа супрацаваў з паэтам Алесем Разанавым. Першым іх супольным праектам стала серыя з шасці карцін, аб’яднаных назвай «Яйкаквадраты». Потым былі яшчэ «Іствы», «Адваротная сіметрыя». Малюнкі з «Яйкаквадратаў» ляглі ў аснову мастацкага афармлення ўсіх апошніх кніг Алеся Разанава. Адну з выяваў яйкаквадрату прысабечыла сабе тэлефонная кампанія МТС. Разанаў з Маркаўцом у 2007 годзе нават судзіліся за сваё аўтарства, але суд прадказальна ўзяў бок камерцыйнай структуры.
Разам з жонкай, мастацтвазнаўцай Таццянай Гаранскай, Віктар Маркавец стварыў у Мінску арткавярню «Добрыя мыслі», якая праіснавала з 2001 па 2012 год (праведзена больш за трыста выстаў творчасці беларускіх мастакоў). Яны збудавалі таксама (у 1991-2013) гадах у Заслаўі Сабор у імя ўсіх беларускіх святых (асвечаны ў 2013 годзе); правялі ў Заслаўі шэраг гісторыка-мастацкіх выстаў, дзе рэканструявалі і аднавілі выявы і вобразы тысячагадовай гісторыі Заслаўя; разам з мастакамі Заслаўя заснавалі ў 2002 годзе Творчае грамадскае аб’яднанне «Мастак», дзе цягам 11 гадоў Віктар Маркавец быў старшынём. Дачка Таццяна Маркавец стала вядомай мастацтвазнаўцай і мастачкай у тэхніцы выцінанкі і саломапляцення.
Памёр Віктар Маркавец пасля імклівай хваробы на анкалогію 17 верасня 2013 года ў веку 66 гадоў. Зянон Пазьняк у слове памяці мастака зазначаў пра згубныя ўплывы чарнобыльскай радыяцыі і страту светлага і вялікага мастака. З 16 снежня 2015 года па 10 студзеня 2016 года ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску адбылася рэтраспектыўная выстава твораў жывапісу Віктара Маркаўца «Заслаўе. Жывапісныя імпрэсіі старога горада».
Беларускае Радыё Рацыя