Ён выявіў аўтарства паэмы „Тарас на Парнасе”



5 жніўня споўнілася б 75 гадоў з дня нараджэння беларускага гісторыка, архівіста, літаратуразнаўца, пісьменніка, археографа Віталя Скалабана (1947-2011).

Віталь Скалабан быў адным з найлепшых гісторыкаў, але Бог яму адмерыў толькі 64 гады жыцця.

Нарадзіўся ён у 1947 годзе ў вёсцы Шылавічы Слонімскага раёна. Скончыў Ленінградскі ўніверсітэт у 1970 годзе. 3 1972 года працаваў у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя» рэдактарам, пасля загадчыкам рэдакцыі.

Віталь Скалабан быў унікальным знаўцам гісторыі беларускага нацыянальнага руху. Менавіта ён выявіў, хто быў аўтарам паэмы «Тарас на Парнасе». Ён стаяў ля вытокаў стварэння найлепшых энцыклапедый на беларускай мове, у тым ліку 6-тамовай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». Пры гэтым ён быў выдатным пісьменнікам: аўтар дзясяткаў публікацый у газетах і часопісах, пісаў пра постаці і эпізоды гісторыі.

Кандыдацкую Віталь Скалабан абараніў даволі позна — у 1987 годзе. Доктарам навук так і не стаў, хоць ведаў і адкрыў больш за многіх дактароў навук. Ён адшукаў невядомыя факты з жыцця і творчасці Янкі Купалы, Яўгена Хлябцэвіча, Максіма Гарэцкага, Міколы Улашчыка і іншых беларускіх дзеячаў. Свае навуковыя зацікаўленні прысвячаў гісторыі беларускага нацыянальнага руху, культуры ХІХ-ХХ стагоддзяў, пытанням гістарыяграфіі, архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі.

У 2013 годзе выйшаў з друку вялікі том пад назвай “Ісці на святло лабірынтамі даўніх падзей”. Ён быў прысвечаны памяці Віталя Скалабана, куды ўвайшлі ўспаміны пра яго, спіс публікацый гісторыка і іншыя матэрыялы.

Беларускае Радыё Рацыя