Хакеісты „Гомеля” дамагліся другой перамогі на Кубку Салея
У пятніцу адбыліся тры паядынкі ў рамках 22-га розыгрышу Кубка Салея. Чарговыя матчы на турніры правялі прадстаўнікі групы „Б”. Хакеісты „Гомеля” святкавалі другую гасцявую перамогу запар, разграміўшы аршанскі „Лакаматыў” 6:0. Дзякуючы гэтаму поспеху „рысі” выйшлі на першае месца ў сваёй шасцёрцы. Дзеючы чэмпіён краіны „Металург”, наадварот, пацярпеў другую няўдачу запар: жлабінчане на чужым лёдзе прайгралі ў авертайме „Магілёву” – 1:2. „Віцебск”, які стартаваў на Кубку Салея з перамогі, на гэты раз пацярпеў буйную паразу ад наваполацкага „Хіміка” – 1:4. Сёння другія матчы на турніры правядуць прадстаўнікі пула „А”. „Брэст” і салігорскі „Шахцёр”, „Дынама” Маладзечна і гарадзенскі „Нёман”, „Ліда” і сталічнае „Юнацтва”.
„Энергетык”-БДУ буйна абыграў „Віцебск” і выйшаў на першае месца
„Энергетык”-БДУ буйна абыграў „Віцебск” у выязным матчы 16-га тура Беларусбанк – чэмпіянату Беларусі па футболе – 3:0. Форвард „студэнтаў” Бабір Абдзіхолікаў аформіў дубль і аддаў галявую перадачу.
„Энергетык” выйшаў на першае месца ў табліцы.
Лонданскі „Арсенал” адолеў „Крыстал Пэлас” у першым матчы новага сезона чэмпіянату Англіі
Лонданскі „Арсенал” у рамках першага тура чэмпіянату Англіі перамог „Крыстал Пэлас”. Поспех у гасцявой сустрэчы „кананірам” прынеслі галы Габрыэля Марцінэлі і Марка Гэі, які забіў у браму сваёй каманды.
Футбалісты „Баварыі” разграмілі „Айнтрахт” у выязным матчы першага тура чэмпіянату Германіі, забіўшы шэсць мячоў. Дубль на рахунку Джамала Мусіялы. Акрамя таго, вызначыліся Йозуа Кіміх, Бенжамен Павар, Садыё Манэ і Серж Гнабры 6:1.
„Мяшкоў Брэст” пачне чэмпіянат Беларусі матчам з „Аістам Кітая”
„Мяшкоў Брэст” у першым туры чэмпіянату Беларусі згуляе з „Аістам Кітая”. Аб удзеле клуба з Паднябеснай у мужчынскім першынстве краіны стала вядома напярэдадні. Сустрэча адбудзецца ў Берасці 7 верасня.
Таксама вядомы даты матчаў мяшкоўцаў з менскім СКА ў першым і другім крузе. Спачатку супернікі згуляюць у Менску 21 верасня, а потым у Берасці 26 лістапада, паведамляе прэс-служба БГК.
Сабаленка саступіла Касаткінай у чвэрцьфінале ў Сан-Хасэ
Шостая ракетка свету, беларуска Арына Сабаленка не змагла трапіць у паўфінал турніру ВТА-500, які праходзіць у Сан-Хасэ. Яна ў трох сэтах саступіла расіянцы Дар’і Касаткінай, якая ідзе на 12-й пазіцыі ў сусветным рэйтынгу. Матч працягваўся 2 гадзіны 23 хвіліны і завяршыўся з лікам 6:4, 5:7, 0:6. Вікторыя Азаранка, якае зараз 20-я ў сусветным рэйтынгу, прабілася ў чвэрцьфінал турніру ВТА-250 у Вашынгтоне. У матчы другога раўнда экс-першая ракетка свету нанесла паразу чэшцы Тэрэзе Марцінцавай — 7:6, 6:2.
Мінюст зарэгістраваў Беларускую федэрацыю футгольфа
Міністэрства юстыцыі Беларусі зарэгістравала Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне „Беларуская федэрацыя футгольфа”. Грамадскае аб’яднанне ставіць сваёй мэтай развіццё футгольфа ў Беларусі з дапамогай адукацыйнай, фізкультурна-аздараўленчай, фізкультурна-спартыўнай, спартыўнай і асветніцкай дзейнасці. Футгольф – гэта від спорту, які з’яўляецца вытворным ад гольфа і футбола. Гулец павінен прайсці поле з 9 ці 18 лункамі, імкнучыся загнаць футбольны мяч у кожную з іх за найменшую колькасць удараў. Гульня праводзіцца па ўласных правілах, зацверджаных Міжнароднай федэрацыяй футгольфа.
Беларускае Радыё Рацыя