У Беларусі на 32% вырас траўматызм на вытворчасці са смяротным вынікам



За першае паўгоддзе ў краіне пры выкананні прафесійных абавязкаў загінула 56 чалавек. 70% ахвяраў – працавалі ў прыватных арганізацыях. Дарэчы, менавіта ў недзяржаўных прадпрыемствах сёлета больш фіксуецца парушэнняў па правілах бяспекі.

Фота: klich.by

Па словах інспектара аховы працы Аляксандра Завадзкага, на жаль, многія прыватнікі па-свойму разумеюць паняцце “ахова працы”, якому ёсць канкрэтнае тлумачэнне:

– Ахова працы – гэта сістэма захавання жыцця і здароўя работнікаў у працэсе іх працоўнай дзейнасці. Яна ўключае прававыя, сацыяльна-эканамічныя, арганізацыйна-тэхнічныя, лячэбна-прафілактычныя і іншыя мерапрыемствы. Працадаўца абавязаны забяспечыць бяспеку на працоўным месцы. Шкодныя і небяспечныя вытворчыя фактары адсутнічаюць або іх уздзеянне не перавышае ўстаноўленых нормаў.

Сёлетні аналіз няшчасных выпадкаў на вытворчасці паказвае, што ў 80% ролю сыграў так званы “чалавечы фактар”. Самымі траўманебяспечнымі сферамі па-ранейму застаецца будоўля, аграрныя прадпрыемствы, транспартныя паслугі ды дрэваапрацоўка.

Беларускае Радыё Рацыя