Сяргей Верамеенка: Выбары адназначна былі сфальшываваныя
Мінаюць два гады, як адбыліся ў Беларусі прэзідэнцкія выбары. Выбары, пасля якіх пачаліся непрадбачаныя нікім падзеі. Пра гэта размова з Госцем Рацыі Сяргеем Верамеенкам, актывістам партыі БХД з Гародні.

РР: Памятаеце восьмы дзень жніўня 2020 года напярэдадні выбараў у Гародні?
Сяргей Верамеенка: Так, канешне. Для нас гэты дзень пачаўся з самай-самай раніцы. І пачаўся ён вельмі напружана. Мы пачалі падводзіць вынікі назірання ад кампаніі «Права выбару». Мы разам з жонкай займаліся рэгіянальнай каардынацыяй. І звесткі з участкаў прыходзілі вельмі напружаныя, вельмі трывожныя. Назіральнікі не тое што фіксавалі розныя парушэнні, ім не давалі магчымасці фінсаваць іх. Не пускалі назіральнікаў на ўчасткі. Затрымлівалі. Адну з нашых назіральніц выклікалі ў міліцыю, нават прыязджала «хуткая дапамога», яна была дастаўленая ў шпіталь.
РР: Да выбараў былі напэўна нейкія неафіцыйныя экзіт-полы: размовы паміж людзьмі, знаёмымі і незнаёмымі, за каго будзем галасаваць. Былі ж такія размвы?
Сяргей Верамеенка: Былі, канешне, і размовы. Але было і пазначэнне – гэта знакамітыя белыя бранзалеткі, а каму не хапала бранзалетаў, то людзі павязвалі нейкія белыя стужачкі.
РР: Гэтая белая бранзалетка што абазначала?
Сяргей Верамеенка: Гэта быў адмысловы сімвал пратэсту. Сімвал таго, што людзі выбіраюць свабодныя выбары, людзі выбіраюць не Лукашэнку, выбіраюць перамены. Тыя назіральнікі, якіх не пускалі на выбарчыя ўчасткі, яны знаходзіліся каля будынкаў, дзе былі гэтыя выбарчыя участкі, каля школаў, і лічылі яўку па гэтых белых бранзалетках.
РР: Шмат іх было?
Сяргей Верамеенка: Так, было іх вельмі шмат.
РР: І ў выніку што аказалася?
Сяргей Верамеенка: На жаль, не ўсе звесткі нам удалося атрымаць, але тыя пратаколы, якія мы зафіксавалі, дзе быў сапраўдны падлік галасоў, то ў асноўным азначала: або што павінен прайсці другі тур, або перамагала Святлана Ціханоўская.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя