Алесь Капуцкі: Усе ворагі, хто не на іх баку
Госць Рацыі – праваабаронца “Вясны” Алесь Капуцкі з Маладэчна. Пра тое, што адбывалася два гады таму падчас выбараў у яго мясцовасці, ён згадвае ў нашым эфіры.

РР: Як вы ўспамінаеце тое, што было два гады таму. Вы былі дзе, у сталіцы ці ў сваім родным горадзе?
Алесь Капуцкі: На той момант я жыў у сваім Маладэчне, працаваў там. І натуральна, што назіраў усе гэтыя падзеі яшчэ задоўга да выбараў і пасля іх таксама. Сам я непасрэдна ў гэтых працэсах не ўдзельнічаў, паколькі я праваабаронца. І лічыў, што мушу займаць бесстароннюю пазіцыю і назіраць за працэсам звонку. Хоць, нягледзячы на тое, што ў мяне былі свае погляды на ўсё гэта яшчэ задоўга да выбараў, у мяне, канешне, цешыла абуджэнне народа, цешыў яго ўздым, нейкае такое апрытомліванне ад сну. Тым не менш я за ўсім гэтым назіраў і як праваабаронца выконваў сваю працу.
РР: Тым не менш вы кажыце, што стараліся прытрымлівацца прынцыпаў, якімі кіруюцца праваабаронцы ва ўсім свеце, гэта не засцерагло вас ні ад турмы, ні, як кажуць беларусы, “ні ад чумы”. Вам давялося ўжо пазней адседзець сваё за кратамі.
Алесь Капуцкі: Так. Рэч у тым, што для цяперашняга рэжыму не важна, хто ты там – праваабаронца ці пратэстоўца. Для іх усё, што не на іх баку – гэта ўсё яны ўспрымаюць як ворагаў. Вы ж самі бачыце, зачышчана ўсё пад чыстую, нават такія арганізацыі, якія ўвогуле стаялі ўбаку ад палітычнага жыцця. Таму давялося і мне прайсці праз усялякія рэпрэсіі.
РР: Шмат людзей, які не апынуліся за кратамі, а за мяжой таксама пасля арыштаў, пасля сутак. А вы правялі вы ўжо сёлета, калі не памыляюся. 60 сутак за кратамі?
Алесь Капуцкі: Так, сеў я да Новага года, а выйшаў ужо ў гэтым годзе.
РР: Вы вырашылі з’ехаць за мяжу. А хто цяпер у Беларусі адсочвае сітуацыю з палітвязнямі, правамі грамадзян, калі яшчэ пра такое можна ў варунках сённяшняй сітуацыі ў Беларусі гаварыць?
Алесь Капуцкі: Канешне ж, шмат людзей выехала, але ж не ўсе. Немалая частка там засталася, у прынцыпе і я не планаваў з’язджаць, але ўжо мяне падштурхнулі да гэтага. Апроч актыўных грамадзян засталіся і валанцёры, якія таксама там дапамагаюць той жа “Вясне”. Я з імі кожны дзень у кантакце і атрымліваю ад іх інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Маладэчне і ў рэгіёне.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя