Ушанавалі беларусі лён



У народзе кажуць: “Пасееш лён – збярэш золата”. Ільняныя вырабы сёння – гэта вельмі дарагі, і што больш важна, эксклюзіўны прэзент. Зрабіць такі падарунак – значыць перадаць чалавеку часцінку станоўчай энергетыкі. Але гэтае багацце дастаецца сельскім працаўнікам нялёгка. Культура любіць, каб яе добра даглядалі: палолі і падкормлівалі. Не зробіш гэта як след – і знізіцца ўраджай. 

Штогод ушаноўваюць лён культасветработнікі вёскі Міжэвічы Слонімскага раёна. Вось і сёлета яны парадавалі не толькі вяскоўцаў, але і гасцей свята “Блакіт нябёсаў”. Імпрэза адбылася ў цэнтры вёскі. Яна пачалася з тэатралізаванага выступлення, а потым на ўсю вёску гучалі шчырыя словы пра беларускі лён, песні ў выкананні народнага ансамбля “Жывіца”, дзейнічалі выставы і праходзіла дэгустацыя страў з ільну, а таксама адбылося дэфіле ў ільняных касцюмах, майстар-класы па вязанні кручком з ільняных нітак і вырабы лялек і абярэгаў з ільну, выстава вырабаў народнай творчасці і хлебабулачных вырабаў ад ЛПХ “Смаката” і шмат яшчэ розных цікавінак.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара