Аўтуховіч пасля галадоўкі настолькі слабы, што адмаўляецца ўставаць на судзе



У гарадзенскай турме працягваюць судзіць «групу Аўтуховіча».

Сам Мікалай Аўтуховіч адчувае сябе кепска пасля працяглай галадоўкі. «Наша Ніва» паведамляе, што Аўтуховіча працягваюць трымаць у маленькай адзіночнай клетцы. На працэсе Аўтуховіч паскардзіўся на праблемы з ціскам, сказаў, што яму цяжка ўставаць і гаварыць, папрасіў медычнай дапамогі.

Выклікалі турэмнага медыка, які правёў агляд і заявіў, што Аўтуховіч можа прысутнічаць на пасяджэнні і адказваць на пытанні стоячы, як гэтага патрабуе суд. Мікалай Аўтуховіч паведаміў, што будзе наогул маўчаць і да канца пасяджэння не адазваўся.

Мікалай Аўтуховіч за кратамі больш як паўтара года. Цяпер над ім ідзе суд за «тэрарызм». Усяго ў «справе Аўтуховіча» 12 фігурантаў.