Юлія Сліўко: Мы ў замежжы не можам жыць сваім жыццём
2020-ы год для многіх беларусаў стаў незваротнай кропкай. Жыцці шматлікіх людзей пасля 9 жніўня змянілася і ўжо ніколі не будуць іншымі.
Гісторыя нашай сённяшняй гераіні – не выключэнне.
Да тых самых падзей Юлія Сліўко была досыць апалітычнай і працавала тынкоўшчыцай у “Гроднапрамбуд”. Пасля – стала старшынёй стачкама, адчула на сабе ўсё “сяброўства” уладаў і сілавых структур і пераехала ў Польшчу. Цяпер жа Юлія тут працягвае сваю дзейнасць і ладзіць акцыі беларусаў Варшавы. Яна была суарганізатарам Маршу Годнасці, прысвечанага пратэстам 2020. А яшчэ нядаўна жанчына вярнулася з канферэнцыі, прысвечанай Новай Беларусі.
Пра гэта і не толькі мы і паразмаўлялі з Юліяй Сліўко.

РР: Чым цяпер запомніўся для вас Марш Годнасці?
Юлія Сліўко: Тым, што вельмі складаны, было вельмі мала дапамогі з боку іншых арганізацый. Некаторыя ўвогуле адмовіліся дапамагаць. Дзякуй тым, хто нам дапамагаў, дзякую людзям, кожнаму, хто прыйшоў на гэты марш. Але гэта кожны раз становіцца ўсё цяжэй і цяжэй.
РР: Шлях быў пракладзены праз пляц Канстытуцыі, затым – Еўрапейскай камісіі і затым – пляц Замковы. Чаму менавіта так?
Юлія Сліўко: Гэта цэнтр горада ў першую чаргу. Пляц Канстытуцыі … Глядзіце, наша беларуская Канстытуцыя знішчаная, тут цэняць Канстытуцыю, тым больш, што тут знаходзіцца “Моладзевы хаб”. Беларусы прыходзяць сюды, ведаюць гэтае месца, збіраючая такая прастора беларусаў, яны ведаюць.
Еўракамісія там, што Еўразвяз нас зараз не чуе. Яны ўсе выказваюць глыбокую заклапочанасць падзеямі ў Беларусі, але пры гэтым давайце быць сапраўднымі – санкцыі да гэтай пары амаль што не працуюць, на 10%. Хоць для рэжыму і гэта ўжо…, яны пачынаюць пішчаць.
Мы хацелі, каб Еўразвяз нас пачуў, пачуў нашыя галасы, пачуў нашыя крыкі пра тое, што нашых людзей катуюць, што над нашымі людзьмі здзекуюцца, што нашы людзі жывуць у канцлагеры.
Мы тут, у замежжы, не можам жыць сваім жыццём, таму што там засталіся нашы сябры, нашы родныя. І там засталіся нашы землякі, якія зараз праходзяць усе гэтыя пакуты. Таму і Еўракамісія.
А плац Замковы. Мы там часта праводзім акцыі, гэта вельмі такое цэнтральнае хіба месца Варшавы, там вельмі шмат людзей. І мы хацелі паказаць усім тым простым людзям, што мы да гэтай пары змагаемся, мы да гэтай пары памятаем пра ўсё. Мы памятаем усіх, хто загінуў, мы памятаем усіх тых, хто зараз сядзіць у турмах. І мы хацелі яшчэ раз нагадаць усім людзям, турыстам, палякам пра тое, што беларусы не здаліся.
З намі было шмат украінцаў, выступалі ўкраінцы. І мы хацелі таксама паказаць, што беларусы не ўдзельнічаюць у вайне. У вайне ўдзельнічае рэжым Лукашэнкі і яго прыхвасні. У кожнай нацыі ёсць дрэнныя людзі і ёсць добрыя людзі, у беларусаў таксама.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя