У судзе не сталі разглядаць хадайніцтвы па «справе Аўтуховіча»
Суддзя Гарадзенскага абласнога суда Максім Філатаў, які вядзе справу так званай «групоўкі Аўтуховіча», не задаволіў падчас зачытвання пракурорамі матэрыялаў справы хадайніцтвы адвакатаў і абвінавачваемых. Яны прасілі зачытаць дапаўненні да справы, з чым катэгарычна не пагадзіліся пракуроры, кажа Алена Гундар, жонка палітзняволенага Уладзіміра Гундара:
-Адвакат Аўтуховіча папрасіла зачытаць нейкае дапаўненне. Суддзя адмовіў у гэтым хадайніцтве, нягледзячы на тое, што ўсе адвакаты былі за. Усе абвінавачаныя таксама былі за. Але два пракуроры былі супраць, і суддзя пайшоў насустрач толькі пракурорам. І гэта адбываецца амаль па ўсіх хадайніцтвах адвакатаў.
Мікалай Аўтуховіч папрасіў адказваць на пытанні пракурораў седзячы з-за дрэннага самаадчування, але яго просьба была адхілена. Турэмны ўрач сказаў, што Аўтуховіч можа стаяць, хаця, па словах Алены, дрэнны стан Мікалая быў відавочны.
Беларускае Радыё Рацыя