Мікалая Статкевіча на паўгода змясцілі ў адзіночную камеру
Палітвязня Мікалая Статкевіча, які знаходзіцца ў калоніі №13 у Глыбокім, з 5 жніўня на паўгода змясцілі ў якасці пакарання ў адзіночную камеру. Пра гэта ў Facebook паведаміла жонка палітыка Марына Адамовіч.
У лісце ён напісаў, што плошча камеры – каля 3 кв. м, яе шырыня – метр, нары прычэпленыя да сцяны.
«Пакаранне аналагічнае ПКТ у «звычайнай» калоніі, дзе зняволеныя – у казармах і могуць выходзіць на вуліцу. У калоніі асаблівага рэжыму, дзе ён і так ужо ў камеры, можна пакараць, хіба што, памерамі з паўпадвальным памяшканнем. І адсутнасцю званкоў і прагулак», – напісала Марына.
Мікола Статкевіч быў асуджаны па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў.