У Егіпце больш за 40 чалавек загінулі падчас пажару ў копцкай царкве



У копцкай царкве горада Гіза ў Егіпце ўзнік пажар, у выніку якога загінуў прынамсі 41 чалавек, дзясяткі параненыя. Паведамляецца, што многія людзі пацярпелі ў цісканіне, якая ўзнікла пасля загарання. Сярод загінулых ёсць дзеці, піша «Бі-бі-сі».

Крыніцы агенцтва «Рэйтэрс» паведамілі, што на службу ў царкве «Абу-Сіфін» сабралася каля 5 тысяч чалавек. Паводле папярэдніх звестак, пажар быў звязаны з загараннем электраправодкі, а яго ачаг знаходзіўся каля дзвярэй храма. У выніку выхад з будынка аказаўся заблакаваны, узнікла цісканіна. Цяпер пажар патушаны, пра яго прычыны пакуль дакладна невядома, аднак адзін са святароў суседняй царквы паведаміў агенцтву «Франс-Прэс», што будынак загарэўся з-за кароткага замыкання.

Прэзідэнт Егіпта Абдул Фатах ас-Сісі выказаў «шчырыя спачуванні сем’ям нявінных ахвяр, якія ўз’ядналіся з Госпадам у адным з храмаў».

Беларускае Радыё Рацыя