Цапкала вырашыў цкаваць нязгодных з ім журналістаў



На канферэнцыі „Новая Беларусь” Вераніка Цапкала агучыла намеры стварыць камітэт кантролю за незалежнымі медыя. Сярод прэтэнзій — недастатковае асвятленне дзейнасці яе мужа. Але Валерый Цапкала, падобна, вырашыў не чакаць стварэння камітэта і проста кпіць з журналістаў, з якімі нязгодны.”Галоўным ворагам” ён выбраў вядучага журналіста „Еўрарадыё” Змітра Лукашука.

У тэлеграм-канале былога кіраўніка ПВТ і ўдзельніка выбарчай кампаніі — 2020 сталі з’яўляцца пасты з высмейваннем вядучага стрымаў. Гэта допісы і самога Цапкалы, і малапапулярных сатырычных каналаў.

Цапкала называе журналіста Рыгорам Лукашуком (па аналогіі з Рыгорам Азаронкам), абвінавачваючы яго ў неаб’ектыўнасці і прапагандзе на карысць Лукашэнкі і Ціханоўскай.

Зміцер Лукашук у пачатку жніўня браў інтэрв’ю і ў Валерыя Цапкалы. На пытанне, чым ён займаўся апошні год, палітык у першую чаргу адзначыў, што з пачатку вайны даў каля 30 інтэрв’ю ўкраінскім СМІ, запусціў сайт, збіраў грошы на арышт Лукашэнкі і прапанаваў яшчэ шэраг ініцыятыў, якія не былі шырока падтрыманы.