Спявачка вяртае беларускія калыханкі
Вярнуўшыся з турнэ па Амерыцы ў Стамбул, беларуская спявачка Таццяна Грыневіч не адпачывае, а актыўна працягвае беларускую справу. Захапіўшыся беларускімі калыханкамі, яна цэлае лета правяла ў вяртанні нашай спадчыны. Спявачка ўжо агучыла 30 калыханак. І працягвае гэта рабіць далей. З ёю пагутарыў наш карэспандэнт.

–Спадарыня Таццяна, чаму Вас зацікавілі беларускія калыханкі?
-Даўней, з усяго песеннага фальклору, калыханкі спяваліся найчасцей, бо кожны дзень трэба было ўкласці спаць дзіця, таму калыханкі ў гэтым маладым матулям дапамагалі. Я спявала свайму сыну адну калыханку, тую, якую пачула ў выкананні беларускага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага. Але апошнім часам, як у сяброў пачалі нараджацца ўнукі, паўстала патрэба ў большай колькасці калыханак і, як высветлілася, іх у нас багата, толькі далёка не ўсе былі агучаны для агульнага карыстання. А ў мяне так павялося яшчэ з 2005 года, калі я бачу, што чагосьці няма, то гэта абавязкова трэба зрабіць. Так калісьці з’явіліся дыскі дзіцячых народных песень, беларускага рамансу, навагодніх, школьных песень, дапаможнікі для школы па беларускай літаратуры, па беларускіх народных танцах, галасы паэтаў. Таму, зразумела, тэма беларускай калыханкі таксама мяне захапіла.
-І дзе Вы, найперш, знаходзілі беларускія калыханкі?
–У зборы „Беларуская Народная Творчасць” Нацыянальнай Акадэміі Навук у кнізе „Дзіцячы фальклор” знайшлося шмат цікавых калыханак. Але ў 1970-я гады, калі выходзіў гэты збор, вядома ж, была цэнзура, таму ў зборнік увайшлі не ўсе калыханкі, якія сабраў у канцы 19 стагоддзя Міхал Федароўскі. Адкрыццём для мяне стала калыханка „На дварэ маскале”, у зносцы было тлумачэнне: „Спі, бо прыйдзе маскаль”.
-Гэтай калыханкай палохалі дзяцей, так?
-Так. Каб хутчэй засыналі. Звычайна маці спявала пра тое, што бачыла вакол, пра коціка і мышку, курэй і гусей, сон і дрому, але часам і пра свае перажыванні. А вось адну калыханку, напрыклад, я знайшла ў беластоцкім зборніку „Беларускія песні Гарадоцкай зямлі”. У ёй спяваецца пра тое, што старэйшы брат загінуў у Картуз-Бярозе, а дзіця, калі падрасце, давершыць справу брата. Калыханка называецца „Ціха ў сялянскай хаце”. З гэтага ж зборніка я ўзяла таксама мелодыю і спалучыла яе з вершам „Над калыскай” Сяргея Новіка-Пеюна, атрымалася неверагодная калыханка.
-Сапраўды, аўтарскіх беларускіх калыханак вельмі шмат…
-Мяне таксама зацікавілі і аўтарскія калыханкі, якія апошнім часам рэдка гучаць. А дзве калыханкі „Сядзела котачка” і „Пайшоў кот па дулі” я знайшла ў зборніку „Беларускі дзіцячы спеўнік”, песні для якога 100 гадоў таму запісаў Антон Грыневіч. Дарэчы, амаль усе песні з гэтага зборніка мы ўжо калісьці са Зміцерам Сідаровічам, а таксама з нашымі дзецьмі, агучылі. І цяпер, адначасова з калыханкамі, я займаюся тым, што на раней зробленыя дзіцячыя песні “нарэзваю кліпы” са старых мультфільмаў. Усё гэта можна пачуць і пабачыць на маім ютуб канале. Штосьці таксама ёсць і ў Цік-Току. Далучайцеся, калі ласка.
-А што далей будзе з калыханкамі, якія Вы агучылі?
-Працягваю працу над тым, каб усім 30 калыханкам, якія я агучыла, зрабіць якасныя аранжыроўкі. І гэта будзе яшчэ адной нашай важнай справай у захаванні беларускай культуры.
Беларускае Радыё Рацыя